Skip to main content

Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на нядзелю Добрага Пастыра

11 мая
  • 9 мая, 2025
  • Фота: Catholic.by // Catholicminsk.by

Тэкст Слова для друку ТУТ>>>

ІДЗІ ЗА МНОЮ

Дарагія браты і сёстры! 

1. Традыцыйна ў 4-ю Велікодную нядзелю ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца нядзеля Добрага Пастыра і ўзносяцца малітвы ў інтэнцыі пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. 

Езус у Евангеллі кажа: «Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак» (Ян 10, 11). Слова «пастыр» бярэ свой пачатак ад слова «пастух». Сучаснаму, асабліва гарадскому чалавеку, складана ўявіць сабе пастуха, які пасе авечак ці кароў. Хоць, вядома, пастухі існуюць і ў наш час. 

Слова «пастыр» у Старым Запавеце сустракаецца часта (пар. Эзх 34). У тыя часы гадоўля авечак была вельмі распаўсюджана і паўсюль можна было ўбачыць статкі авечак з пастухом. 

У Новым Запавеце слова «пастыр» Езус адносіць да сябе (пар. Ян 10, 11). У Евангеллі чытаем, што калі Ён паглядзеў на натоўпы людзей, то з горыччу заўважыў, што яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастыра (пар. Мц 9, 36). І нават сёння, калі далёка не ўсе людзі абазнаныя з прафесіяй пастыра, тым не менш, яго вобраз прамаўляе да нашых сэрцаў. Гэтую думку вельмі добра перадае Кніга Псальмаў, калі кажа: «Пан — пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы» (Пс 22 (23), 1). 

Пастух вядзе на пашу авечак, трымаючы ў руцы драўляны кій з загнутым верхам. Чаму? Пастух павінен быць з авечкамі і сцерагчы іх, каб яны не блукалі. Калі якаясьці адыходзіць ад статка, пастыр загнутым канцом кія вяртае яе назад. Другі яго канец служыць для абароны ад дзікіх драпежнікаў, якія могуць напасці на авечак. 

2. Езус называе сябе Добрым Пастырам. Таму святар, як аlter Christus — другі Хрыстус, — таксама павінен атаясамліваць сябе з пастырам у выкананні сваіх пастырскіх функцый і абавязкаў. Папа Францішак навучаў, што ён павінен быць заўсёды з людзьмі: наперадзе, пасярэдзіне і ззаду.

Што Папа меў на ўвазе? Святар павінен быць наперадзе, каб кіраваць даверанай яму супольнасцю вернікаў. Быць пасярэдзіне, каб ведаць стан людзей, іх пах, як казаў папа Францішак. Быць ззаду, каб дапамагаць заблукалым і адстаючым. 

3. Такім чынам, пастыр павінен спадарожнічаць Божаму народу будучы перад ім, знаходзячыся сярод яго і ідучы за ім.

Найперш, пастыр павінен ісці наперадзе статка. Гэта азначае, што ён павінен вучыць Божы народ і ім кіраваць. Тут не павінна быць сумневаў. Евангеліст Марк кажа, што Езус ішоў наперадзе вучняў, якія дзівіліся Яго вучэнню і справам (пар. Мк 10, 32). Езус быў тым, хто стаяў перад імі і вёў іх да мэты, якую яны толькі цьмяна бачылі.

Але ёсць і іншыя евангельскія сцэны, якія сведчаць аб тым, што Езус знаходзіўся пасярод людзей і прабываў разам з імі. Ён пайшоў у дом публічнанга грэшніка — мытніка Закхея (пар. Лк 19, 1-10); запрасіў вучняў Яна Хрысціцеля, Андрэя і Яна, да сябе дадому (пар. Ян 1, 38-39); быў з апосталамі ў адным чаўне падчас буры на моры (пар. Мц 8, 23-27).

Усё гэта прыклады таго, што Езус як Добры Пастыр прабываў са сваімі вучнямі і простымі грэшнымі людзьмі, каб ведаць іх жыццё і каб кожны мог з Ім паразмаўляць.

Пастыр таксама павінен ісці за статкам, клапаціцца пра тых, хто адстаў, пра параненых, напалоханых і адкінутых іншымі. Аб гэтым яскрава сведчыць Евангелле. Езус каля студні Якуба звярнуўся да жанчыны самаранкі, якая была грэшніцай, і даў ёй надзею на новае жыццё (пар. Ян 4, 1-30); не асудзіў жанчыну, якую схапілі на чужаложстве і сказаў ёй больш не грашыць (пар. Ян 8, 1-11). Усё гэта азначае, што Езус уважлівы да тых, хто заблукаў і зграшыў. 

4. Кожны святар павінен быць добрым пастырам ва ўсіх трох сітуацыях. 

Па-першае, ён павінен кіраваць сваёй паствай, якая часта блукае і не ведае куды ісці. Таму ён павінен быць добра падрыхтаваным, мець адпаведную фармацыю: чалавечую, духоўную, інтэлектуальную і практычную пастырскую. Для людзей ён павінен быць жывым Евангеллем, знакам і прыладай міласэрнай любові Бога Айца.

Па-другое, ён павінен быць разам са сваёй паствай, каб не страціць з ёй кантакту і дапамагаць ёй у кожную хвіліну. Сваімі паводзінамі ён павінен казаць ім: вось я сярод вас. Калі вам штосьці трэба, то я тут. Калі ў вас ёсць пытанні, я гатовы адказаць на іх. Калі ў вас з’явіцца крызіс, я дапамагу ў яго вырашэнні. 

Таму святар павінен адзначацца служэннем сталай прысутнасці. Як бацькі прысутнічаюць у жыцці сваіх дзяцей, на іх мерапрыемствах, гульнях, турнірах, канцэртах і гэтак далей, таксама і пастыр павінен прысутнічаць у жыцці дыяцэзіі, парафіі і людзей, быць побач з імі, «ведаць іх пах».

Па-трэцяе, святар павінен ісці ззаду статка. Гэта азначае, што ён павінен быць уважлівым да праблемных, грэшных і адчужаных людзей. У наш час шмат людзей, асабліва маладых, траціць веру. Нельга пакідаць іх без духоўнай апекі.

Недастакова толькі прапаведаваць праўды веры з амбоны. Патрэбна яшчэ асаблівая ўвага да тых, каго няма ў касцёле на набажэнствах. Калі мы не можам звярнуцца да іх у касцёле, тады трэба выкарыстоўваць іншыя спосабы, асабліва інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, каб дастукацца да іх і данесці праўды веры. 

Гэта той «арэапаг», у якім вялікую роль павінны адыгрываць таксама і свецкія вернікі, якія моцаю сакрамэнту хросту прымаюць удзел у Хрыстовым святарстве (пар. LG 31). Да гэтага заклікае таксама Сінод біскупаў аб сінадальнасці, які заахвочвае да больш актыўнага ўдзелу свеціх у жыцці Касцёла. 

5. Дарагія браты і сёстры!

Падзякуем Богу за святароў і кансэкраваных асобаў, якія з людзей узятыя і для людзей прызначаныя ў Божых справах (пар. Гбр 5, 1). Падзякуем за тых, хто сапраўды знаходзіцца на перадавой лініі змагання за веру і маральнае жыццё людзей. Падзякуем за тых, хто знаходзіцца сярод людзей, ім дапамагае і за іх ахвяруе сваё служэнне. Падзякуем за тых, хто ідзе да маргіналаў, адрынутых і тых, хто знаходзіцца на перыферыі грамадства. Яны створаны па вобразу і падабенству Божаму (пар. Быц 1, 27). Таксама за іх Езус ахвяраваў сваё жыццё на Галгоце. Усе яны прызначаны да радасці вечнага шчасця ў небе.

Падзякуем святарам, якія ўжо адышлі ў дом Пана. Молімся з удзячнасцю за іх служэнне Касцёлу ў Беларусі, служэнне нам з вамі, бо яны нас хрысцілі, катэхізавалі, шлюбавалі, спавядалі, благаслаўлялі… Праз іх заступніцтва молімся сёння аб новых святарскіх пакліканнях з нашых сем’яў і парафій.

6. Касцёл без святароў не зможа выканаць сваёй місіі быць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення (пар. LG 48). Гэта вельмі важна ў наш час, калі катастрафічна малее колькасць пакліканняў. Спажывецкі стыль жыцця не спрыяе распазнаванню паклікання. Выхаванне сучаснага маладога чалавека вельмі моцна настаўлена на матэрыяльныя каштоўнасці і імгненны прыбытак. 

Калі задаецца пытанне пра пакліканне, то ў адказ часта можна пачуць: “А што я з гэтага буду мець?” Такі стыль жыцця і мыслення вядзе да палярызацыі поглядаў і нараджае шмат пытанняў. Цяжкія часы спараджаюць моцных людзей, у той час як канфармізм — слабых. Калі ў 1990 г. была заснавана Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя, то на першы курс прыйшло 40 семінарыстаў. Сёння на ўсіх шасці курсах іх значна менш. 

Тры з паловай дзесяцігоддзі таму, выхаваныя ў складаныя часы ваяўнічага атэізму, маладыя людзі аказаліся моцнымі ў сваёй веры і пастановах. Яны з радасцю адказалі на словы Хрыста: “Ідзі за Мною” (Мц 8, 22) і цяпер паспяхова служаць Богу і людзям як прэзбітэры і біскупы ва ўсіх дыяцэзіях нашай Айчыны. Сёння, на вялікі жаль, сітуацыя кардынальна змянілася і то не ў лепшы бок, што не варожыць добрай будычыні.

Гэта праўда, што брамы пякельныя не перамогуць Касцёл(пар. Мц 16, 18), але крызіс пакліканняў вядзе да складаных выпрабаванняў, калі адзін святар павінен абслугоўваць некалькі парафій. І гэта парадокс, бо ў часы свабоды веравызнання Касцёл у пэўным сэнсе вяртаецца да сітуацыі, падобнай да той, якая існавала ў часы ганенняў на веру.

Святарства заўсёды было сэрцам Касцёла, якое, на вялікі жаль, у апошнія часы б’ецца ўсё слабей, хварэючы арытміяй. Святар не належыць да самога сябе, але да Бога і душаў, якім ён пакліканы служыць. Таму для паспяховага выканання гэтага абавязку ён павінен імкнуцца да святасці, якая з’яўляецца моцай Касцёла.

7. У сучасным свеце назіраецца крызіс чалавечай ідэнтычнасці. У выніку гэтага праяўляецца антрапалагічны дысбаланс. Малады чалавек не да канца здольны чытаць знакі часу і адказваць на іх згодна з вучэннем Касцёла. У наш час уздзеяння на людзей маральнага рэлятывізму ўсё часцей праяўляецца праблема захавання чалавечай ідэнтычнасці.

У такой сітуацыі выпрабаваным антыдотам, супрацьяддзем на крызіс пакліканняў з’яўляецца малітва, каб пакліканыя да святарства і кансэкраванага жыцця разам з прарокам Ісаяй сказалі: «Вось я, Пане, пашлі мяне» (Іс 6, 8).

У Пасланні на 62-і Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях Папа Францішак напісаў, што пакліканне не з’яўляецца скарбам, які застаецца закрытым у сэрцы, але расце і ўмацоўваецца ў супольнасці, якая верыць, любіць і спадзяецца. І паколькі ніхто не можа адказаць на заклік Бога паасобна, мы ўсе маем патрэбу ў малітве і падтрымцы нашых братоў і сясцёр (пар. 62 СДМП). Таму яна з новай моцай павінна гучаць у Юбілейным годзе надзеі, каб плеяда маладых святароў і кансэкраваных асобаў стала радасцю і надзеяй (пар. GS 1) Касцёла ў Беларусі. 

Няхай на гэтым шляху нам благаславіць Першасвятар Езус Хрыстус, а Марыя — Маці святароў і кансэкраваных асобаў — няспынна намі апякуецца. А вы, пакліканыя да святарства і кансэкраванага жыцця, калі пачуеце голас клічучага Езуса, не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя (пар. Гбр 3, 8).

З благаслаўленнем

Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 1 мая 2025 г.
Успамін святога Юзафа, рамесніка

Выкарыстаная літаратура:

  1. Другі Ватыканскі Сабор. Дагматычная кастытуцыя пра Касцёл Lumen gentium (LG).
  2. Другі Ватыканскі Сабор. Кастытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes (GS).
  3. Францішак. Пасланне на 62 Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях (СДМП-62).
  4. https://www.vatican.va/content/francesco/en/speeches/ 2021/september/documents/ 20210918-fedeli-diocesiroma.html.