Шляхам дабрыні і любові: парафіяльны Caritas галоўнага касцёла Мінска рыхтуецца да Вялікадня
- 27 сакавіка, 2025
- Тэкст і фота: Алена Мядзведзева // Catholicminsk.by

Вялікі пост 2025 года валанцёры Caritas «адзначылі» дзейнай падрыхтоўкай да Велікодных святаў. Упершыню падчас посту ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску праводзяцца майстар-класы.
Напярэдадні найважнейшага хрысціянскага свята Вялікадня валанцёры парафіяльнага Caritas актыўна займаюцца арганізацыяй мерапрыемстваў, якія аб’ядноўваюць супольнасць, дораць надзею тым, каму яна найбольш патрэбна, ствараюць атмасферу радасці, клопату і дабрыні.

Адной з падзей велікапоснага перыяду сталі майстар-класы. Валанцёры, парафіяне і нават прадстаўнікі іншых канфесій удзельнічаюць у стварэнні невялікіх па памерах ружанцаў, макрамэ-бірулек, дэкаратыўных пасхальных яек у тэхніцы дэкупаж, свечак з вашчыны, велікодных паштовак.
«Усё, што тут мы робім сваімі рукамі, будзем прадаваць за ахвяру. Усе ахвяраванні пойдуць на стварэнне прадуктовых набораў. Гэтыя наборы раздаюцца парафіянам, якім патрэбна дапамога, якія апынуліся ў складанай сітуацыі»,
— адзначыла Алеся Гедроіц, адказная за арганізацыю майстар-класаў.

Сем разоў, кожны чацвер увечары, жадаючыя збіраюцца, каб ствараць прыгажосць. Творчыя заняткі сталі магчымасцю праявіць сябе і падзяліцца сваёй цеплынёй. За кавай і гарбатай людзі рознага ўзросту і прафесій пад кіраўніцтвам майстроў ствараюць свае ўнікальныя вырабы.
«Мэта — не толькі дапамагчы матэрыяльна, але і падараваць адчуванне свята і падтрымкі. Важна, што ў падрыхтоўцы да Вялікадня ўдзельнічае супольнасць»,
— падзялілася сваімі ўражаннямі адна з удзельніц майстар-класу «Велікодныя паштоўкі».

Не менш важнай часткай падрыхтоўкі да Вялікадня стала акцыя «Велікодны кошык». Яна праходзіць другі год. Ініцыятыва накіравана на тое, каб сабраць прадукты харчавання і святочныя пачастункі для сем’яў і людзей, якія знаходзяцца ў складаных жыццёвых абставінах. Кожны жадаючы можа прынесці прадукты ці набыць вырабы, зробленыя на майстар-класах, і стаць часткай добрай справы. З 16 сакавіка па 6 красавіка ў кожную нядзелю валанцёры стаяць пры ўваходзе ў касцёл. Яны прапануюць вернікам паштоўкі, свечкі, бірулькі, адказваюць на ўсе пытанні і проста дзеляцца добрым словам.

Непасрэдна перад святам валанцёры набываюць тое, чаго не хапае, збіраюць прадукты ў наборы і развозяць у сем’і. Гэта яднае, вучыць аддаваць і прымаць. А значыць, надае сэнс Вялікадню — галоўнаму святу веры, надзеі і любові.
