Сцежкай любові: дабрачынны кірмаш ў касцёлах Мар’інай Горкі і Рудзенска
- 30 сакавіка, 2026
- Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by
Вернікі парафій у Мар’інай Горцы і Рудзенску (Барысаўскі дэканат) зладзілі ў Пальмовую нядзелю дабрачынны кірмаш.
Больш за дзесяць гадоў парафія святога Антонія ў Мар’інай Горцы супрацоўнічае з дзяржаўнай установай «Пухавіцкі сацыяльны пансіянат “Сямейны ачаг”». Кожны год дзеці і моладзь парафіі прыязджаюць павіншаваць і пачаставаць цукеркамі людзей, якія там пражываюць, са святам Божага Нараджэння і Новым годам. У актавай зале пансіяната падчас святочнага канцэрта заўсёды аншлаг.
А сёлета парафіяне касцёлаў Мар’інай Горкі і Рудзенска зладзілі ў Пальмовую нядзелю дабрачынны кірмаш.

Парафіяне і госці з задавальненнем набывалі прыгожа аздобленыя вербачкі, сурвэткі для яек і кулічоў, гліняны посуд, сподкі з папяровай лазы, упрыгожванні і вяночкі, кошычкі і кубкі, зробленыя ўмелымі рукамі жыхароў установы «Сямейны ачаг».
Атрыманыя падчас дабрачыннай акцыі сродкі ў суме 618 рублёў перададзены у пансіянат.





