Распачацце новага навучальнага года ў Мінскім тэалагічным каледжы адбылося з удзелам Мітрапаліта Станеўскага
- 17 верасня, 2024
- Тэкст і фота: Алена Шаршунс // Catholicminsk.by
14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, з удзелам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, у Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля адбылася цырымонія інаўгурацыі (распачацця) новага навучальнага года.
Сустрэча распачалася ўрачыстай святой Імшой у касцёле Святога Духа ў Мінску. Яе цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Іерарх прывітаў святароў, навучэнцаў і выкладчыкаў. Таксама са словамі прывітання да прысутных звярнуўся дырэктар каледжа і пробашч парафіі кс. канонік Ян Крэміс.
Падчас гаміліі арцыбіскуп Станеўскі скіраваў увагу слухачоў на моц Крыжа Езуса Хрыста, які ёсць паяднаннем Бога і чалавека.
“…У гэты дзень інагурацыі новага навучальнага года з вялікай пашанай станем пад крыжом Езуса Хрыста, які з’яўляецца прыладай Божай ласкі і крыніцай духоўнага ўмацавання. Гэта ў працэсе навучання і ўмацавання вельмі будзе патрэбна. (…) У сваім жыцці, дзякуючы Хрыстоваму Крыжу, будзем старацца быць сведкамі веры, прабачэння, любові і супакою,” – заклікаў прысутных на ўрачыстасці арцыпастыр.
Напрыканцы святой Імшы студэнты каледжа павіншавалі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з 3-й гадавінай прызначэння на Мінска-Магілёўскую біскупскую сталіцу.
Пасля Эўхарыстыі распачалася афіцыйная частка спаткання. Дырэктар каледжа ксёндз канонік Ян Крэміс зрабіў справаздачу за мінулыя гады і пазнаёміў з планамі на новы навучальны год.
Быў таксама прадстаўлены новы выкладчык, брат Андрэй Багдановіч OFMCap, які будзе выкладаць у каледжы фундаментальную тэалогію.
Адбыўся традыцыйны інаўгурацыйны даклад, падчас якога брат Андрэй разважаў на тэму “Devotio moderna” (пра сучасную пабожнасць).
Затым арцыбіскуп Станеўскі ўручыў навучэнцам 1-га курса залікоўкі, а таксама падарунак – кнігу ўласнага аўтарства “Як стаць сведкам Хрыста”.
На завяршэнне афіцыйнай часткі найстарэйшыя навучэнцы мінскай каталіцкай навучальнай установы – трэцякурснікі – прывіталі першакурснікаў у сям’і тэалагічнага каледжа.
Сустрэча завяршылася супольным пачастункам, пасля чаго распачаліся першыя заняткі.