Skip to main content

«Радыё Марыя» ў Беларусі святкуе 10-гадовы юбілей

30 кастрычніка
  • 27 кастрычніка, 2026
  • Catholicminsk.by

31 кастрычніка каталіцкае «Радыё Марыя» ў Беларусі адзначае значную дату — 10 гадоў з дня пачатку свайго вяшчання.

Гісторыя праекта пачалася 12 гадоў таму, калі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з ініцыятывай стварэння гэтай хрысціянскай радыёстанцыі ў нашай краіне і даручыў камандзе заняцца рэалізацыяй гэтай ідэі. На арганізацыю працэсу, вырашэнне тэхнічных і прававых пытанняў спатрэбілася два гады напружанай працы. У выніку ў канцы кастрычніка 2016 года ў эфіры загучалі першыя праграмы.

«Радыё Марыя» прапануе слухачам багатую праграму: трансляцыі святых Імшаў і набажэнстваў, катэхезы, рэлігійныя, адукацыйныя і музычныя перадачы.

Галоўная мэта радыё — абвяшчэнне Добрай Навіны, духоўная падтрымка вернікаў і хрысціянскае асветніцтва.


З нагоды юбілею 30 кастрычніка у 18.30 у архікатэдральным касцёле Імя Насвяцейшай Панны Марыі у Мінску адбудзецца святая Імша ў інтэнцыі «Радыё Марыя».

На супольную малітву шчыра запрашаюцца ўсе ахвотныя, вернікі, сябры і слухачы, каб разам падзякаваць Богу за 10 гадоў эфіру і папрасіць благаслаўлення на далейшую дзейнасць.