Працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Мінска (ФОТАРЭПАРТАЖ)
- 18 чэрвеня, 2025
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант / Фота: з архіва мінскай Залатагорскай парафіі // Catholicminsk.by

15 чэрвеня ў нядзелю, у якую адзначалася ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, на старадаўнім цвінтары побач з касцёлам Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску адбылася святая Імша, пасля якой вырушыла працэсія Божага Цела.
Узначаліў адпустовую святую Імшу арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Прысутнічалі таксама і прынялі ўдзел у працэсіі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі мансеньёр Кшыштаф Сэрока, святары Мінскага душпастырскага рэгіёна, кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі з усіх парафій Мінска і з ваколіц.

Шэсце з Найсвяцейшым Сакрамэнтам па вуліцах беларускай сталіцы, у якім бралі ўдзел некалькі тысяч вернікаў розных узростаў, вырушыла ад Залатой Горкі ў напрамку архікатэдральнага касцёла. Падчас працэсіі было зроблена 4 прыпынкі каля заінсталяваных алтароў. Першы з іх знаходзіўся каля Залатагорскага касцёла, другі — на плошчы Перамогі, трэці — на Кастрычніцкай плошчы і чацвёрты — каля сцен архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі на плошчы Свабоды. Пры кожным з алтароў чытаўся прадугледжаны ўрывак з аднаго з Евангелляў на Эўхарыстычную тэматыку, прамаўлялася гамілія і адбывалася благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Завяршылася працэсія малітвай і благаслаўленнем, якое ўдзеліў яе удзельнікам арцыбіскуп Станеўскі.

Працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, якія праходзяць на працягу актавы ўрачыстасці Божага Цела, з’яўляюцца сведчаннем веры ў рэальную прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі.