Пілігрымаў, якія ад’язджалі на Сусветныя дні дзіцяці, благаславіў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
- 22 мая, 2024
- Паводле Samaranin.by
19 мая ад Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра, што знаходзіцца ў Мінску, вырушыла аўтобусная пілігрымка беларускіх дзяцей у Рым на Сусветныя дні дзіцяці.
Упершыню па ініцыятыве Папы Францішка 25-26 мая будуць праведзены І Сусветныя дні дзіцяці. Яны з’яўляюцца спробай сабраць разам дзяцей з розных кантынентаў і краін свету.
Пачаткам пілігрымкі была святая Імша апоўдні ў капліцы цэнтра, якую ўзначаліў арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. На яе заканчэнне дзеці заспявалі гімн Сусветных дзён дзіцяці “Гэта мы”.
Позна ўвечары дзве групы пілігрымаў на чале з адказнай за душпастырства дзяцей Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сястрой Чаславай Навіцкай USJK выехалі аўтобусамі ў Вільню. Нягледзячы на позні час, на вакзал прыехаў Мітрапаліт Юзаф Станеўскі, каб удзяліць дзецям сваё пастырскае благаслаўленне.
Для дзяцей, якія не змаглі прыняць удзел у агульнакасцёльнай сустрэчы, святкаванне Сусветных дзён дзіцяці пройдзе 1 чэрвеня ў Будславе і будзе спалучана з штогадовым спатканнем першакамунійных дзяцей.