Skip to main content

Пастырскае пасланне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на Вялікдзень 2025 года

20 красавіка
  • 19 красавіка, 2025
  • Catholicminsk.by

Тэкст Паслання для друку ТУТ>>>

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Слаўце Яго ўсе народы і ўся зямля!

Анёлы ім сказалі: «Больш вам не трэба слёз,
Хрыстос, Збавіцель свету, З памерлых уваскрос!»
(з песні “Хрыстос уваскрос з памерлых“)

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Умілаваныя вернікі, дарагія браты і сёстры, усе людзі добрай волі!

Вітаю вас, мае дарагія, гэтымі словамі велікоднага закліку, які гучыць сёння ва ўсіх хрысціянскіх святынях свету, бо сёння ўсе хрысціяне з надзеяй святкуюць Пасху — Вялікі Дзень у гісторыі хрысціянства і ўсяго чалавецтва.

Уваскрасенне Езуса Хрыста — самы важны цуд у гісторыі чалавецтва, фундамент хрысціянскай веры. Езус уваскрос, Месія жыве! Без гэтай упэўненасці наша вера была б беспадстаўнай. Пустая магіла, дзе Езуса паклалі, пацвярджае ўсё, што Ён раней абвяшчаў і чыніў.

Пасля ўваскрасення Пана Езуса апосталы Пётр і Ян пабеглі да магілы, каб пераканацца, што жанчыны прынеслі ім праўдзівую вестку. Яны вельмі здзівіліся, калі ўбачылі адвалены камень. Яны нават не маглі падумаць, што Езус уваскрос з мёртвых, таму Марыя Магдалена сказала Сымону Пятру: «Забралі Пана майго, і не ведаю, дзе паклалі Яго» (Ян 20, 13). Гэтае сцвярджэнне стала трывожным сігналам для пошуку адказу на пытанне аб тым, што здарылася з целам Езуса Хрыста. Напачатку гэта не было «добрай навіной», але, убачыўшы пакінутую плашчаніцу і хусту, апосталы паверылі, што Езус уваскрос і жыве. У той момант яны ўспомнілі, як Езус прапаведаваў ім аб гэтай падзеі. Яны пераканаліся, што Ён усё можа. Ён выканаў тое, што абяцаў.

Радасць сённяшняга дня, радасць гэтых дзён, — гэта тая самая радасць, якую спазналі Апосталы і вучні, калі адкрылі неверагодную, з чалавечага пункту гледжання, рэчаіснасць, што Хрыстус укрыжаваны, які памёр, сапраўды жывы; што магіла пустая. Такой была радасць Апосталаў, першых вучняў, а потым і першых хрысціянскіх супольнасцяў, першых пакаленняў. Рэчаіснасць, якая выклікае радасць, і радасць, якая вынікае з гэтай рэчаіснасці… Пасха ніколі не бывае маленькай, яна заўсёды вялікая: сёння, праз усю актаву, ва ўсім жыцці, ва ўсёй гісторыі. Яна вялікая! Яна мае Боскую веліч у гісторыі чалавецтва, у вымярэнні чалавечага існавання, чалавечага жыцця. Яна належыць нам, яна належыць чалавечай гісторыі, існаванню кожнага з нас і ўсіх пакаленняў.

Пан Езус усім, хто верыць у Яго, прынёс найлепшую навіну: Бог магутны, бо Ён перамог нават смерць. А калі гэта так, то Езус дае і нам надзею на нашу шчаслівую будучыню: калі мы будзем прытрымлівацца Яго вучэння, калі будзем захоўваць запаведзі, будзем жыць вечна. Зямное жыццё, часта поўнае цяжкасцяў, хваробаў і цярпенняў, неўзабаве скончыцца, а неба адкрые перад намі перспектыву жыцця, поўнага шчасця, Божага шчасця, якога мы цяпер не можам нават уявіць. Уваскрослы Хрыстус з’яўляецца святлом для нас і для ўсяго свету. Ён нясе нам надзею і спакой. Хрыстус прыносіць нам упэўненасць, што мы таксама аднойчы ўваскрэснем і будзем жыць з Ім. Але пакуль мы не паверым ва ўласнае ўваскрасенне, да таго часу ў нас не будзе сіл для ўзыходжання на неба.

Езус уваскрос з мёртвых тут і цяпер — у гэтым быў перакананы апостал Ян — не дзесьці ў будучыні, напрыканцы часоў, у неакрэсленай далечыні… Бог уваскрасіў Яго з душой і целам, і ў гэтым навізна хрысціянства. Смерць была пераможана, Езус адкупіў нас. Гэта вестка цудоўная, вялікая і праўдзівая. Падзякуем Яму за тое, што дае нам асаблівую моц і энергію, якая асвятляе цемру і дае цяпло, абуджае надзею і з’яўляецца крыніцай новага жыцця.

Няхай гэтая радасць напоўніць нашы сэрцы і заахвоціць нас, каб мы, нягледзячы на шматлікія перашкоды, з якімі мы сутыкаемся кожны дзень, былі напоўнены пазітывам і надзеяй, каб глядзелі ў будучыню з верай, надзеяй і любоўю. Папа Францішак кажа сённяшняму чалавеку: «Хрыстус жыве! Ён хоча, каб і ты жыў. Хрыстус з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету. Кожны, хто дазваляе Хрысту дакрануцца да сябе праз слова, святую Камунію, становіцца маладым маладосцю Езуса».

Браты і сёстры. Уваскрасенне адбываецца не толькі адзін раз, і не заўсёды на досвітку, і зусім не тады, калі мы гэта плануем. Пан праходзіць праз зачыненыя дзверы нашых сэрцаў і выходзіць з натоўпу, з самага краю бездані так, што ніхто не можа спыніць Яго (пар. Лк 4, 29-30). Гэта Той, хто ламае хлеб на скрыжаванні дарог, корміць нас і спакойна адыходзіць, а мы раптам адчуваем, што нашае сэрца пачынае палаць (пар. Лк 24, 13–35). Ён прамовіць нашае імя, і мы адкрыем у Яго голасе, што гэта Той, хто ведае нас, бо Езус ведае, што ёсць у чалавеку, Ён ведае ўсіх (пар. Ян 2, 25; 20, 16).

Уваскрасенне Езуса — гэта таксама ўваскрасенне апосталаў і ўсіх тых, хто будуе на Ім свой свет. Каталіцкі і праваслаўны святы, Ісаак Сірын, пісаў, што адзіным сапраўдным грахом з’яўляецца абыякавасць да Уваскрослага Хрыста. Сённяшняе свята, у якім мы перажываем найважнейшую падзею ў гісторыі свету, павінна дапамагчы нам пераадолець нашу абыякавасць, наш супраціў увайсці, убачыць і, перш за ўсё, паверыць (пар. Ян 20, 29). Паверыць не дзякуючы нашай вернасці, шчыраму наследаванню Езуса (што важна і на што звяртае ўвагу святы Павел), але дзякуючы вернасці і любові Бога. «Бог можа толькі любіць», — з упэўненасцю сцвярджае святы Ісаак Сірын. Ён прыйшоў да такой высновы, на працягу многіх гадоў, разважаючы над словамі Яна Тэолага: «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 8). Сёння надзвычай важна гэта падкрэсліць: цярпенні ніколі не паходзяць ад Бога, Бог не робіць нічога дрэннага, бо Ён — крыніца любові, жыцця і святла. Ён не хоча ні чалавечага гора, ні прыродных катаклізмаў, ні аварый, ні войнаў. Бог заўсёды з тымі, хто церпіць, каму дрэнна, і Ён дае нам ласку суцяшаць тых, хто пакутуе.

Мае дарагія. Хрыстус не адмаўляе таго, што ёсць боль, што ёсць слёзы, што былі грэх і смерць, але ў той жа час Ён абвяшчае перамогу над злом праз любоў. Нам трэба перажыць Вялікую пятніцу, каб трапіць у велікодную раніцу. Большасць вучняў не трывала пры Настаўніку, калі Ён памёр, таму ў пустой магіле павінны адначасова саспець і смерць, і жыццё. Як Эўхарыстыя з’яўляецца ўспамінам смерці і ўваскрасення, так кожны вучань з’яўляецца сведкам Укрыжаванага і Уваскрослага.

З гэтага часу няма больш ночы і цемры. Белы колер шатаў Уваскрослага Пана закрывае ўсю чарнату зла, якая назапасілася ў гісторыі чалавецтва. Гэтая незвычайная яснасць, якую нішто ўжо не зможа засланіць, абвяшчае будучыя часы, калі ўсе збаўленыя, апранутыя ў белыя шаты, сядуць вакол трона пераможнага Ягняці і будуць валадарыць вечна з Хрыстом, паводле візіі Апакаліпсіса святога Яна. Таму ўрачыстасць Уваскрасення Пана з’яўляецца вялікім святам для ўсяго чалавецтва, бо як хрысціяне мы верым, што ўсе мы ўваскрэснем на падабенства Хрыста.

Аднак застаецца няўпэўненасць, ці будзе гэта радаснае ўваскрасенне, ці дасягнем мы таго стану, які сімвалізуюць белыя шаты збаўленых. Знаходжанне сярод святых з Хрыстом здаецца нам далёкім і нерэальным. Мы лічым, што святасць занадта патрабавальная, што святыя — гэта бездакорныя людзі, якія жывуць далёка ад нас, і мы не маем доступу да іх групы. Аднак усё зусім наадварот. Вакол нас жыве мноства добрых, сціплых, мудрых, глыбока веруючых людзей, а таксама тых, хто змагаецца са сваёй грахоўнасцю, ад якой ніхто не вольны. Толькі гледзячы на іх укрытае жыццё, мы разумеем, што у нашай парафіі ці дыяцэзіі быў нехта асаблівы, хто кожны дзень сведчыў, што варта змагацца за тое, каб быць добрым чалавекам. Мы павінны дзякаваць за сотні тысяч споведзяў, навяртанняў, перамяненняў і паяднанняў, якія адбыліся ў сакрамэнце пакаяння, таксама і ў нашых сем’ях і супольнасцях. Яны з’яўляюцца знакам таго, што Бог нас падтрымлівае і дае нам сілы пераадольваць цяжкасці і выпрабаванні, пераносіць усе нашы жыццёвыя крыжы.

Ёсць яшчэ адно важнае пасланне, якое выражаецца ў паводзінах апосталаў. Калі ўмілаваны вучань Езуса убачыў пустую магілу, ён паверыў, гэта значыць зразумеў Яго вучэнне, бо, як піша святы Ян: «Яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых» (Ян 20, 9). Вера прадугледжвае зразуменне сэнсу паслання Добрай Навіны. Існаванне чалавека не завяршаецца зямным жыццём. Кожны чалавек пакліканы да жыцця вечнага. Таму ён абавязаны не толькі зразумець гэту праўду, але і жыць паводле яе. Адсюль заклік да клопату аб якасці нашай зямной пілігрымкі. Пасля велікоднай раніцы апосталы зноў паверылі і аддалі жыццё за Уваскрослага Хрыста. Пасхальная праўда зрабіла магчымым тое, каб яны захавалі гераічную вернасць Езусу. Сённяшняе свята павінна перамяніць таксама і нас. Кожны, хто святкуе ўваскрасенне Хрыста, павінен праверыць свае паводзіны. Пустая магіла становіцца заклікам: варта ахвяраваць усё дзеля Настаўніка з Назарэта, бо Ён з’яўляецца крыніцай, сэнсам і завяршэннем жыцця кожнага з нас!

Умілаваныя, сённяшняя нядзеля — гэта дар, які дазваляе нам памятаць і нанова абвяшчаць праўду аб тым, што Хрыстус жывы. Ніхто не бачыў Яго ўваскрасення са смерці да жыцця, але Ён пакінуў нам плашчаніцу Касцёла, Эўхарыстыю і Евангелле. Гэта не кавалкі старога палатна, якія павінны быць проста парэшткамі падзеі 2000-гадовай даўніны. Супольнасць Божага народа, Цела і Кроў Хрыста, а таксама Добрая Навіна — гэта палотны, якія сёння дакранаюцца да Уваскрослага Пана. Каб толькі мы ўвайшлі ў гэтую таямніцу, каб убачылі гэтую плашчаніцу, каб паверылі і апрануліся ў яе, ва Уваскрослага Хрыста, які дае нам новае і вечнае жыццё. Кожнаму, без выключэння, і без аніякіх заслугаў…

Сёння, калі мы ўсклікаем: «Хрыстус уваскрос», мы таксама слухаем адказ іншага чалавека, які з верай скажа: «Сапраўды ўваскрос». Гэты велікодны заклік і адказ на яго набліжаюць нас адзін да аднаго, а таксама да мэты, дзеля якой мы былі вызвалены з адхлані смерці. Таямніца ўваскрасення Сына Божага ахоплівае і наша ўваскрасенне. Хрыстус не ўваскрос адзін. Разам з Ім ажывае ўсё стварэнне, на чале якога — чалавек. Святы Павел піша да супольнасці Каласянаў: «Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное, бо вы памерлі, і жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу» (Клс 3, 1-4).

Любыя вернікі! Ахвяра на крыжы, уваскрасенне і ўнебаўшэсце складаюць дасканалы план збаўлення кожнага чалавека. Толькі Бог можа прапанаваць чалавеку такі цудоўны і міласэрны шлях. І таму мы таксама ўваскрэснем «і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо не будзе» (Ап 21, 4). Да чаго мы ўваскрэснем? Мы ўваскрэснем да усеабдымнай любові. «Бо Валадарства Божае — гэта не ежа і піццё, але справядлівасць, спакой і радасць у Духу Святым» (Рым 14, 17). Ты верыш, што мы ўваскрэснем? Калі так, то падзяліся сваёй верай і надзеяй з іншымі.

Дарагія браты і сёстры! Няхай радаснае і ўзнёслае «Аллелюя» гучыць у нашых сэрцах.

            Слёзы з твару выцірайце, праганяйце з сэрцаў грэх.
            Песні радасна спявайце, хай гучыць вясёлы смех.
            Уваскрос Пан над Панамі, Ён жыве, Ён разам з намі.

Давяраю ўсіх вас Маці ўваскрослага Пана Багародзіцы Марыі і благаслаўляю:
у Імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі