Парафія ў Бялынічах запрашае далучыцца да ўдзелу ў навэнне перад урачыстасцю Маці Божай Бялыніцкай
- 16 лютага, 2026
- Тэкст: кс. Юзаф Сярпейка // Catholicminsk.by
Парафія ў Бялынічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Магілёўскі дэканат) запрашае далучыцца да навэнны напярэдадні ўрачыстасці Маці Божай Бялыніцкай, Каралевы Беларусі. Пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах і кусташ санктуарыя ксёндз Юзаф Сярпейка кіруе вернікам Беларусі адмысловы зварот.
Дарагія браты і сёстры, шаноўныя пілігрымы і ўсе людзі добрай волі!
У гэтым годзе мы перажываем незвычайную духоўную ўрачыстасць — 265-годдзе каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі. Гэтая падзея, якая адбылася ў 1761 годзе, паводле наказу папы Бэнэдыкта XIV стала знакам асаблівай Божай ласкі і мацярынскай апекі Найсвяцейшай Панны Марыі над нашай зямлёю і нашым народам.
Гэта асаблівы час, каб у цішыні сэрца і ў адзінстве з Касцёлам схіліць калені перад абразом Бялыніцкай Божай Маці, каб выпрасіць неабходныя ласкі, падзякаваць за апеку і ўмацаваць нашу веру.
Навэнна распачалася 4 студзеня і праходзіць у кожную першую нядзелю месяца. У гэты дзень касцёл у Бялынічах можна наведаць з 7.00 да 18.00, прыняўшы ўдзел у малітвах, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і святой Імшы ў 10.00.
Папа Леў XIV неаднойчы заклікаў нас быць бліжэй да Бога праз ціхую малітву і давер да Найсвяцейшай Панны Марыі. Маці Божая Бялыніцкая на працягу стагоддзяў з любоўю схіляецца над нашай Бацькаўшчынай і нашым народам, суцяшаючы і накіроўваючы нас да свайго Сына. Гэтая навэнна дапамагае нам сеяць у нашых сэрцах цішыню, пакору і давер.
План навэнны да Маці Божай Бялыніцкай
- Малітва святы Ружанец (прынамсі адну таямніцу) — разважанне над жыццём Езуса і Марыі з даверам Ёй нашых штодзённых клопатаў.
- Малітва Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанскай) — ушанаванне Яе велічы і прыгажосці.
- Гадзінкі да Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі — праслаўленне Яе як выбранай дачкі Айца.
- Малітва Святой Гадзінай (па жаданні) — духоўная лучнасць з Езусам у Ягоных муках.
- Рэкамендуем ўдзельнічаць у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і ў святой Імшы, каб у поўнай меры спазнаць радасць сустрэчы з Хрыстом праз матчынае заступніцтва Марыі.
- Таксама заахвочваем чытаць малітву прысвячэння сябе і бліжніх Маці Божай Бялыніцкай:
Няхай гэтыя дні навэнны будуць часам выключнай асабістай і сямейнай малітвы. Заахвочваем таксама ўдзельнічаць у святых Імшах у санктуарыі ў Бялынічах, каб супольна прасіць аб міры ў сэрцах для жыхароў нашай краіны, аб духоўным аднаўленні і аб усіх патрэбах, якія мы носім у сэрцах.
Ужо цяпер дзякуем усім, хто прысвяціць свой час гэтай духоўнай практыцы, не шкадуючы ўласных сіл дзеля развіцця Божага Валадарства ў нашых душах.
З Божым благаслаўленнем для ўсіх удзельнікаў навэнны
ксёндз Юзаф Сярпейка
пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у г. Бялынічы