Парафіяне з Фаніпаля зладзілі супольны “пікнік” пасля нядзельнай малітвы
- 9 кастрычніка, 2024
- Тэкст: Dvasercy.by, Catholicminsk.by, фота: Dvasercy.by
6 каcтрычніка, асеннім нядзельным ранкам, парафіяне касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі ў Фаніпалі (Стаўбцоўскі дэканат) традыцыйна сабраліся на святой Імшы, якой папярэднічала малітва на ружанцы. Пасля супольнага набажэнства сем’і парафіі, а таксама ўсе жадаючыя перамясціліся ў дольны касцёл на так званы “пікнік”, каб правесці час разам у нефармальнай атмасферы. Зладзіць адпачынак на вуліцы, як гэта планавалася раней, не дазволіў дождж, але дрэннае надвор’е не перашкодзіла сустрэчы.
Мэта супольнага адпачынку, ідэя і рэалізацыя якога галоўным чынам належаць ксяндзу пробашчу Дзянісу Шастаковічу MSF, а таксама парафіянкам Вікторыі Сучынскай, Юліі Францкевіч і Анастасіі Міцкевіч, – бліжэй пазнаёміцца адзін з адным, добра правесці час і яшчэ больш згуртавацца, як парафіяльная сям’я.
Быў прыгатаваны прыгожы стол з прысмакамі, паміж прысутнымі адбываліся цікавыя размовы. Кожная сям’я распавяла пра сябе і свой шлях да касцёла. Гучала музыка. Юлія Францкевіч арганізавала гульні, у якіх паўдзельнічалі ўсе, ад самых маленькіх парафіян да старэйшага пакалення. Атрымалася вельмі ўтульна і па-сямейнаму.




У першых стагоддзях хрысціяне збіраліся разам на “ламанне хлеба” – так яны называлі Эўхарыстыю, падчас якой паміж прысутнымі раздзялялася Цела Хрыста пад відам хлеба. Пасля духоўнага пасілку было прынята арганізаваць “фізічны” – тзв. “агапу” (ад грэч. agape – бескарыслівая любоў) – супольны пасілак, на які прадукты харчавання прыносіў кожны вернік. Падчас пасілку кожны сачыў за тым, каб не ўзяць зашмат, а, наадварот, падзяліцца з бліжнімі. Адсюль назва “агапа”, г. зн. “пасілак любові”.
Фаніпальскія парафіяне, прыпамінаючы сабе даўнюю традыцыю, стварылі добрую нагоду для ўзрастання ў парафіяльнай супольнасці цноты любові.
