Парафіяльны фэст з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адзначылі ў Фаніпалі
- 10 чэрвеня, 2024
- Тэкст: Марыя Кукліс, фота: кс. Павел Эйсмант, Анастасія Міцкевіч, Марыя Кукліс // Catholicminsk.by
7 чэрвеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у святкаванні адпустовай урачыстасці ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі ў Фаніпалі (Стаўбцоўскі дэканат), горадзе-спадарожніку беларускай сталіцы.
Мясцовыя вернікі на чале з пробашчам ксяндзом Дзянісам Шастаковічам MSF сустрэлі іерарха ля крыжа і суправадзілі да святыні, дзе распавялі няпростую гісторыю яе будаўніцтва.
Касцёл у Фаніпалі будуецца каля 20 гадоў. Доўгі час людзі былі вымушаны маліцца ў падвальным памяшканні, дзе было мала месца для вернікаў і неадпаведна нізкія тэмпературы. Толькі ў 2024 годзе пасля працяглага рамонту набажэнствы пачалі праводзіцца ў касцёле.
Вітаючы арцыпастыра на пачатку Імшы, ксёндз пробашч адзначыў, што магчымасць супольнай малітвы — гэта вялікая радасць і сапраўднае свята для парафіяльнай сям’і. Арцыбіскуп Тадэвуш у сваю чаргу падкрэсліў, што на вернікаў Фаніпаля ўскладзены абавязак пашыраць культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса, бо яны прыналежаць да парафіі, якая названа ў Яго гонар.
Падчас гаміліі іерарх шмат разважаў аб любові, якой патрабуе свет, і нагадаў, што яе сапраўдная крыніца — у Сэрцы Езуса.
“Ваша парафія стаіць побач з аўтастрадай, па якой штодня едуць тысячы машын. А ў іх людзі — стомленыя, заклапочаныя, засмучаныя, у пошуках шчасця. Ніхто з іх нават не задумваецца, што месца, дзе ўсё гэта лечыцца, вось тут, побач”, — зазначыў ён.
На заканчэнне ўрачыстасці арцыпастыр прысвяціў парафію Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Затым адбылася працэсія вакол касцёла з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, пасля чаго арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне.
Паколькі касцёл у Фаніпалі мае падвойны тытул, то святкаванне прадоўжылася на наступны дзень, ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Марыі Панны. Урачыстую Святую Імшу, на якой сабраліся не толькі парафіяне, але і шматлікія госці, цэлебраваў ксёндз Ігар Лашук — дэкан Стаўбцоўскага дэканату. На супольнай малітве прысутнічалі таксама святары з суседніх парафій. Па запрашэнні пробашча ў Фаніпаль прыбыў хор з парафіі Святога Роха на Залатой Горцы. Ён аздобіў адпустовае набажэнства сваім спевам і выступіў з невялікім канцэртам.
Пасля заканчэння малітоўнай часткі фэсту вернікі сабраліся на прыкасцёльным пляцы, дзе іх чакаў шыкоўны пачастунак ад мясцовых гаспадынь, а таксама забаўляльная праграма, падрыхтаваная дзецьмі і моладдзю.