Skip to main content

Парафія Святога Андрэя ў Нарачы выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі для запісу імён памерлых, за якіх будуць маліцца ў лістападзе

Лістапад 2024
  • 28 кастрычніка, 2024
  • Паводле Naracz.by

Парафія Святога Андрэя ў Нарачы (Мядзельскі дэканат), у якой служаць айцы кармеліты босыя, стварыла новую магчымасць запісу імён памерлых вернікаў.

У надыходзячым месяцы лістападзе Касцёл асаблівым чынам ўспамінае ў малітве ўсіх памерлых вернікаў. Традыцыйнай практыкай у парафіях стаў запіс імён памерлых (так званыя “задушкі”), за якіх адбываюцца малітвы ў святынях і на могілках і цэлебруюцца святыя Імшы.

Паводле інфармацыі, пададзенай на інтэрнэт-старонцы парафіі Святога Андрэя ў Нарачы Naracz.by, ружанцовая малітва за памерлых будзе адбывацца ў парафіяльным касцёле ўвечары штодзённа ў 18:00 на працягу ўсяго лістапада. Пасля набажэнства будзе цэлебравацца святая Імша ў інтэнцыі памерлых, чые імёны будуць пададзены ў парафіяльную канцылярыю.

Апроч штогадовай магчымасці ўзяць карткі для запісу імён памерлых з касцёла, у 2024 годзе ў вернікаў з’явілася магчымасць пакінуць інфармацыю пра сваіх блізкіх памерлых на парафіяльным сайце.

Скрыншот з парафіяльнага сайта Naracz.by

Такая магчымасць, як мяркуецца, прадугледжана найперш для людзей, якія па паважлівай прычыне (хвароба, праца, месцазнаходжанне) не могуць наведаць святыню для перадачы картак з імёнамі памерлых святару, а таскама для ўсіх, хто жадае, каб за яго блізкіх памерлых памаліліся ў касцёле ў Нарачы.