Парафіяльную ўрачыстасць з удзелам біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB адзначылі ў Фаніпалі
- 15 чэрвеня, 2026
- Тэкст і фота: Марыя Кукліс // Catholicminsk.by
12 і 13 чэрвеня ў парафіі ў Фаніпалі (Стаўбцоўскі дэканат) адбыўся парафіяльны адпуст. Святкаванні доўжыліся два дні, бо касцёл носіць падвоqны тытул — Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі.
У пятніцу, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, у парафіі трывала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ад 15.00 гадзіны дзверы касцёла былі адчынены, каб кожны жадаючы мог у цішыні пабыць сам-насам з Богам.
Кульмінацыяй дня стала вячэрняя літургія, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Пробашч парафіі ксёндз Дзяніс Шастаковіч MSF прывітаў шаноўнага госця ля крыжа, а пазней са словамі вітання да яго звярнуліся вернікі. Дзякуючы біскупу за візіт, парафіяне з хваляваннем узгадалі, праз якія цяжкасці давялося прайсці, каб у Фаніпалі з’явіўся свой касцёл. Шмат перашкод было на шляху мясцовай супольнасці, але вера і настойлівасць перамаглі. Іерарх, у сваю чаргу, адзначыў, што кожны раз, праязджаючы каля святыні, благаслаўляў парафію, а сёння цешыцца з магчымасці быць тут і маліцца разам з вернікамі.

У часе гаміліі, разважаючы над сэнсам урачыстасці, ксёндз-біскуп засяродзіўся на думцы, што Бог — наш Айцец, а Сэрца Айца заўсёды схіляецца да сваіх дзяцей, асабліва калі тыя сутыкаюцца з цяжкасцямі.
— падкрэсліў іерарх.

Падчас ахвяравання дароў вернікі прынеслі да алтара Пану тое, што сімвалізуе іх штодзённыя клопаты і працу: свежыя кветкі і цяпку. Асобнае месца сярод ахвяраванняў заняла сігнатурка — невялічкі званочак, які адгэтуль будзе абвяшчаць усім, хто сабраўся ў святыні, пра пачатак cвятой Імшы. А наймалодшыя парафіяне склалі ля алтара вяночкі з зёлак, якія сталі сімвалам чысціні і дзіцячай адданасці Сэрцу Езуса і Сэрцу Марыі.

Урачыстасць завяршылася словамі падзякі. Іерарх сардэчна падзякаваў пробашчу за запрашэнне, а таксама за яго руплівую працу на ніве Божай. У адказ парафіяне выказалі словы ўдзячнасці біскупу, прысутным на Імшы ксяндзам Дзмітрыю Пухальскаму, Аляксандру Фаміных і Яўгену Баланёву за супольную малітву, пастырскую апеку і духоўную падтрымку.
Другі дзень парафіяльнага фэсту распачаўся фацімскім ружанцам. Вернікі разам маліліся да Сэрца Марыі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Урачыстую адпустовую Імшу ўзначаліў ксёндз Уладзіслаў Лазар, пробашч парафіі святых Пятра і Паўла ў Камені (Валожынскі дэканат), які падчас гаміліі асаблівым чынам засяродзіўся над сэнсам слова «шчасце».

Пасля літургіі святкаванне прадоўжалася ў сямейнай атмасферы ў дольным касцёле. Усіх прысутных чакаў пачастунак, які прыгатавалі парафіяльныя гаспадынькі, а таксама выступ народнага ансамбля «Вербіца», які спецыяльна завітаў у Фаніпаль, каб раздзяліць радасць адпустовых урачыстасцяў.































