Skip to main content

Папскі ўніверсітэт і навукоўцы з ЗША ствараюць этычны код для штучнага інтэлекту

  • 12 сакавіка, 2026
  • Тэкст: кс. Аляксандр Амяльчэня // Паводле
  • Vatican News BY

У Папскім універсітэце «Antonianum» адкрыўся міжнародны форум, прысвечаны стварэнню этычных норм і гуманітарных стандартаў у сферы развіцця штучнага інтэлекту.

10 сакавіка 2026 года ў Рыме распачалася канферэнцыя «Рабіць, каб вучыцца», арганізаваная супольна з Універсітэтам штата Місісіпі ў ЗША. Гэтая сустрэча развівае дзейнасць Міжнароднага даследчага цэнтра інтэгральнага інтэлекту, этыкі і грамадскіх каштоўнасцей. Навуковая платформа заклікана аб’яднаць высілкі акадэмічнай супольнасці, індустрыі і палітыкаў для распрацоўкі этычнага і юрыдычнага кіравання лічбавымі сістэмамі.

Як паведамляе прэс-служба ўніверсітэта, прафесар Джузэпэ Торэ падчас дыскусіі ўвёў паняцце «інтэгральнага інтэлекту». Паводле яго слоў, тэхналогіі не павінны замяняць чалавечае меркаванне і сумленне.

Торэ падкрэсліў, што эмоцыі і здольнасць да глыбокіх пытанняў — гэта тое, што машыны не могуць імітаваць, таму «пашыранае пазнанне» з дапамогай лічбавых інструментаў павінна заставацца пад кантролем чалавечай асобы.

Рэктар «Antonianum», брат Агусцін Эрнандэс Відалес, заклікаў да адкрытасці і ўсведамлення рызыкі «схаванага» лічбавага свету. Яго падтрымаў прафесар Дэвід Шоу з Універсітэта Місісіпі. Ён пацвердзіў гатоўнасць амерыканскіх навукоўцаў працаваць над палітыкай, якая скіруе моц штучнага інтэлекту на карысць грамадскага прагрэсу, а не толькі сухой вылічальнай эфектыўнасці.