Папа Францішак перанёс крызіс бронхаспазму
- 1 сакавіка, 2025
- Тэкст: кс. Аляксандр Амяльчэня, Марыя Валодзіна // Vatican News
Моладзь моліцца за Францішка ля клінікі “Джэмэлі” (ANSA)
28 лютага ў Папы Францішка адбыўся ізаляваны эпізод бронхаспазму з наступным пагаршэннем дыхання, што запатрабавала прымянення неінвазіўнай штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Стан здароўя Папы, які знаходзіцца ў рымскай клініцы “Джэмэлі” ўжо чатырнаццаць дзён, пацярпеў пагаршэнне. Паводле афіцыйнага паведамлення Залы Друку Святога Пасада, выдадзенага ўвечары 28 лютага, у першай палове дня Пантыфік чаргаваў дыхальную фізіятэрапію з малітвай у капліцы, аднак днём у яго пачаўся ізаляваны эпізод бронхаспазму.
Медыкі неадкладна правялі бронхааспірацыю і пачалі неінвазіўную механічную вентыляцыю, што дазволіла палепшыць газаабмен.
Нягледзячы на сур’ёзнасць сітуацыі, Папа Францішак захоўваў поўную прытомнасць і арыентацыю, актыўна ўдзельнічаючы ва ўсіх лячэбных працэдурах і супрацоўнічаючы з медыцынскім персаналам.
Прагноз па стане здароўя Пантыфіка па-ранейшаму застаецца стрыманым.
1 сакавіка раніцай Святы Пасад распаўсюдзіў кароткае паведамленне аб стане здароўя Пантыфіка. “Ноч прайшла спакойна, Папа адпачывае”, – гаворыцца ў камюніке.
88-гадовы Пантыфік знаходзіцца ў клініцы “Джэмэлі” ўжо два тыдні. Неінвазіўная штучная вентыляцыя з’яўляецца важным метадам падтрымкі дыхання, які дазваляе палепшыць абмен кіслародам без неабходнасці інтубацыі.
Медыцынскія спецыялісты працягваюць пільна сачыць за станам здароўя Францішка. Вернікі ва ўсім свеце моляцца за хуткае аднаўленне Папы, які, нягледзячы на свой узрост і стан здароўя, працягвае праяўляць моцную волю і духоўную стойкасць.