Папа Францішак пакінуў шпіталь “Джэмэлі”, падзякаваўшы з балкона ўстановы ўсім, хто падтрымліваў яго падчас хваробы
- 24 сакавіка, 2025
- Тэкст: Марыя Валодзіна
- Паводле Vatican News

Апоўдні 23 сакавіка, перад тым як выпісацца з клінікі «Джэмэлі» і вярнуцца ў Дом Святой Марты, Папа Францішак прывітаў вернікаў з балкона шпіталя. Ён з’явіўся на публіцы пасля доўгай шпіталізацыі, распачатай 14 лютага бягучага года.
Папа звярнуўся да людзей, якія сабраліся перад бальніцай, з кароткім прывітаннем.
«Дзякуй усім! Я бачу спадарыню з жоўтымі кветкамі. Якая малайчына!»
– сказаў ён.
На пляцоўцы перад клінікай сабралася каля 3 тысяч чалавек, якія апладзіравалі і віталі Францішка. Папа падзякаваў усім, сказаўшы ў мікрафон некалькі слоў з балкона пятага паверха. Заўважыўшы пажылую жанчыну, 72-гадовую Кармелу Манкуза, якая трымала ў руках жоўтыя кветкі, Пантыфік звярнуўся да яе з асабістым прывітаннем. Спадарыня Манкуза прыходзіла да шпіталя амаль кожны дзень на працягу хваробы Папы, а таксама шмат разоў удзельнічала ў агульных аўдыенцыях Францішка па серадах. «Жадаю яму хутка выздаравець і зноў вярнуцца да нас», – сказала жанчына.
Перш чым пакінуць шпіталь, Папа коратка прывітаў яго персанал і кіраўніцтва. Неўзабаве белы аўтамабіль Fiat 500L пакінуў шпіталь у кірунку базілікі Санта-Марыя-Маджорэ, якую ніколі не прамінае Папа пасля апостальскіх падарожжаў ці шпіталізацыі. У святыні захоўваецца абраз Маці Божай Salus Populi Romani, перад якой любіць маліцца Францішак. Як паведаміла Зала Друку Святога Пасада, Папа перадаў архіпрэзбітару базілікі, кардыналу Раландасу Макрыцкасу, кветкі, каб іх паклалі да марыйнага абраза.

22 сакавіка медыкі рымскай клінікі «Джэмэлі» паведамілі аб маючай адбыцца выпісцы Пантыфіка. Гэтая навіна была агучана падчас прэс-канферэнцыі, якую правялі доктар Серджа Альф’еры, кіраўнік Дэпартамента медыцынскіх і хірургічных навук, і доктар Луіджы Карбонэ, намеснік дырэктара Дырэкцыі аховы здароўя і гігіены Ватыкана.
