Падведзены вынікі сацыяльнага партнёрства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і інтэрактыўнай прасторы “Дом Раства” ў Мінску
- 23 студзеня, 2025
- Паводле Caritas-minsk.by, Domrp.by // Catholicminsk.by
У 2025 годзе Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стала сацыяльным партнёрам “Дома Раства” ў Мінску. Перад імі стаяла місія – дапамагчы наведаць гэтае месца розным групам дзяцей і дарослым з сацыяльных устаноў Беларусі.
Паводле інфармацыі афіцыйнай інтэрнэт-старонкі Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Caritas-minsk.by, падчас сваёй працы Caritas запрасіла амаль 700 дзяцей і дарослых з больш чым 40-а сацыяльных устаноў нашай краіны. Акунуцца ў атмасферу сапраўднай казкі змаглі дзеці-сіроты, прыёмныя і шматдзетныя сем’і, маленькія пацыенты дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, дзеці і дарослыя з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Запрашэнне бабуль і дзядуляў моцна закранула сэрцы кожнага наведвальніка.


Акрамя тэатральнага прадстаўлення, у “Доме Раства” працавала інклюзіўная гульнявая пляцоўка Caritas, якой кожны дзень карысталіся сотні дзяцей з усёй Беларусі. Кожны дзень нагадваў наведвальнікам аб тым, як важна верыць у цуды.


Кіраўніцтва Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выражае ўдзячнасць арганізатарам “Дома Раства” за аказаны давер і магчымасць працаваць з выдатнай камандай. Асаблівая падзяка валанцёрам Caritas з парафій Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску і святога Казіміра ў Маладзечне, якія прыклалі вялікія намаганні для арганізацыі сустрэч з гасцямі.




Паводле інфармацыі, пададзенай на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы праекта Domrp.by, “Дом Раства” – гэта ўнікальная прастора поўнага апускання ў навагоднюю атмасферу. Менавіта тут, на самай вялікай і эфектнай каляднай інсталяцыі Мінска, адначасова працуе больш за 10 інтэрактыўных зон, а галоўная сцэна штораз ператвараецца ў сапраўдную цыркавую арэну.