Пад Мінскам прайшоў трэнінг для валанцёраў парафіяльных Caritas
- 30 кастрычніка, 2024
- Паводле: Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі / Фота: з архіву Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі // Catholicminsk.by
26 і 27 кастрычніка ў цэнтры Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas у вёсцы Ляскоўка, што пад Мінскам, адбыўся трэнінг для валанцёраў парафіяльных суполак Caritas на тэму: “Хрысціянскае лідэрства”.
На працягу двух гадоў, ужо пяты раз запар, валанцёры парафіяльных Caritas збіраюцца разам, каб набыць новыя веды, падзяліцца сваім вопытам працы і завесці новыя знаёмствы.
На гэты раз удзел у адукацыйнай сустрэчы ўзялі валанцёры з парафій Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (Мінск), святога Францішка Асізскага ў Копішчы (Новая Баравая), Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Будслаў), святога Казіміра (Маладзечна, Стоўбцы, Лагойск), Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (Заслаўе), Божага Цела (Нясвіж), Святых апосталаў Пятра і Паўла (Капыль) і Святога Андрэя Апостала (Нарач).
Першы дзень распачаўся святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў дырэктар Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі брат Анатоль Ярошка OFMCap. У гаміліі святар звярнуў увагу на важнасць усведамлення таго, што мы ўсе – дзеці Бога. Хрысціяне – гэта людзі дзеяння, бо ў ім можа праяўляцца найбольш яскрава галоўная запаведзь любові – як да Бога, так і да бліжняга.
Пасля супольнай малітвы сястра Валерыя Пацукевіч MSF, якая з’яўляецца адказнай за дабрачынную дзейнасць у Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і і духоўным настаўнікам нашых валанцёраў распачала апавяданне пра лідэра Старога Запавету – Майсея, кіраўніцтва якога разглядаецца як узор для пераймання.
Майсей быў пакліканы Богам у сцэне палаючага куста, што падкрэслівае важнасць паклікання ў лідэрстве, і праявіў гатоўнасць служыць свайму народу, нават калі гэта было цяжка. Ён часта маліўся і заступаўся за ізраэльцян перад Богам, паказваючы сваю адданасць і клопат пра іх. Майсей сутыкнуўся з мноствам цяжкасцяў, уключаючы незадаволенасць народа, яго ўласныя сумневы і страхі. Аднак ён працягваў прытрымлівацца Божага загаду і весці народ да абяцанай зямлі, бо меў унікальныя адносіны з Богам, размаўляючы з ім “тварам у твар”. Гэта падкрэслівае важнасць асабістай сувязі з Богам для лідэраў, што дазваляе прымаць мудрыя рашэнні і натхняць іншых. Нягледзячы на свае дасягненні, Майсей заставаўся пакорным лідэрам. Біблія апісвае яго як “самага пакорлівага чалавека на зямлі” (Ліч 12,3), што служыць прыкладам для ўсіх хрысціянскіх лідэраў. Майсей падрыхтаваў Езуса Навіна на свайго пераемніка, што дэманструе важнасць настаўніцтва і перадачы ведаў наступнаму пакаленню лідэраў. Такім чынам, Майсей з’яўляецца важным прыкладам хрысціянскага лідэрства, паказваючы, як можна весці народ з верай, пакорай і адданасцю Богу.
Але цэнтральнай фігурай хрысціянства і яго галоўным лідарам з’яўляецца Езус Хрыстус. Таму на працягу двух дзён спікер імкнулася паказаць якасці сапраўднага лідэра Езуса Хрыста і яго служэнне.
На трэнінгу валанцёры атрымалі магчымасць развіць навыкі эфектыўнага лідэрства, такія як камунікацыя, прыняцце рашэнняў і кіраванне камандамі, што дапаможа ім у валанцёрскай дзейнасці. Удзельнікі натхняліся прыкладамі паспяховых хрысціянскіх лідэраў, што дало ім магчымасць убачыць, як яны могуць уплываць на свае супольнасці і служыць іншым. Праца ў камандзе спрыяла ўсталяванню сувязяў паміж валанцёрамі, што дазволіла ім абменьвацца вопытам, падтрымліваць адзін аднаго і працаваць сумесна над сацыяльнымі ініцыятывамі.
Навучанне хрысціянскаму лідэрству стала важным інструментам для развіцця валанцёраў Caritas. Духоўна ўзбагачаныя, валанцёры вярнуліся з новымі пастановамі і ідэямі, каб несці Евангелле кожнаму чалавеку праз учынкі міласэрнасці і матываваць іншых. Арганізатары спадзяюцца, што гэтая падзея дапаможа ім стаць больш эфектыўнымі лідэрамі ў сваіх супольнасцях.
Рэлігійная місія “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі” запрашае ўсіх ахвотных, хто мае жаданне чыніць дабро, дапамагаючы людзям стаць валанцёрскім лідэрам Сaritas у сваёй парафіі. Можна запоўніць анкету валанцёра: https://forms.gle/FSjyNZKYs6Cgvc8z7