Skip to main content

«Моцы духа, як у Марыі»: у Мінску адбыўся галоўны сход Легіёна Марыі

29 сакавіка
  • 3 красавіка, 2025
  • Тэкст і фота: Ганна Бычынская // Catholicminsk.by

29 сакавіка ў касцёле Божага Цела ў Мінску сабраліся легіянеры Марыі на свой штогадовы галоўны сход – «Ацыес». Мэтай сходу для іх было бліжэй пазнаёміцца паміж сабой, умацаваць дух адзінства Легіёна.  Гэты апостальскі рух свецкіх сваім прыкладам даказвае веліч хрысціянскай веры, надзеі і любові.

Паводле традыцыі, кожны сход легіянераў праходзіць пасля святой Імшы. Галоўная мэта Легіёна — праслаўляць Бога праз духоўнае ўдасканаленне легіянераў. Найлепш гэта можна зрабіць толькі ў касцёле.

Разам з легіянерамі, як і ў мінулым годзе, раздзяліў радасць яднання з Маці Божай біскуп Юрый Касабуцкі, які сваё служэнне аддаў пад апеку Найсвяцейшай Панне Марыі.

«Я ўдзячны Богу за дар быць з Марыяй. Малюся ў інтэнцыі ўсіх легіянераў, а таксама за тых, каго Бог пакліча ў Легіён»,

— прызнаўся іерарх на пачатку святой Імшы.

У гаміліі біскуп Юрый зазначыў, што Звеставанне Марыі перавярнула ўсю Яе чалавечую прыроду. Маладой дзяўчыне няпроста было сказаць «так» арханёлу Габрыэлю.

«Напэўна, Марыя сумнявалася, Ёй было страшна. Але вера Марыі перамагла. Яна сабрала ўсе сілы і сказала “так”. Хоць Езус нарадзіўся ў няпростых умовах, але радасць ад гэтага не была меншай, бо Яна верыла. У час, калі ўзнікла пагроза Ягонаму жыццю, Яна таксама верыла, што з ёю Бог.

Легіянеры не бачылі анёла, але адчулі пакліканне. Як і ў Марыі, у многіх былі сумненні, але кожны даверыў сябе Богу. Сёння ёсць нагода падзякаваць Богу за пакліканне ў Легіён, пацвердзіць Богу сваё “так”. Папросім у Бога духа, які быў у Марыі, даверымся Яму і будзем жыць з Ім».

Пасля святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Памаліўшыся пачатковымі малітвамі Легіёна і Ружанец, паслухаўшы канферэнцыю духоўнага настаўніка, айца Юрыя Находкі OCD, легіянеры з кветкамі ў руках па двое падыходзілі да сцяга Легіёна і, укленчыўшы і паклаўшы руку на дрэўка, прамаўлялі асабістае прысвячэнне: «Я ўвесь духам Твой, Каралева і Маці мая, і ўсё, што я маю, належыць Табе».

«Выказаныя словы прыналежнасці да Марыі робяць нас адкрытымі для выканання Божай любові. Мы не будзем падобнымі да Маці Божай, але можам выконваць Яе рашэнні. Сённяшняе прысвячэнне дае нам магчымасць абдумаць свае дзеянні і прысвяціць іх Богу. Яно духоўна аб’ядноўвае нас і прынясе багаты плён у нашым жыцці», — звяртаючыся да легіянераў, сказаў айцец Юрый на завяршэнне ўрачыстасці.