Мінска-Магілёўская архідыяцэзіі пасля чатырохгадовага чакання атрымала новага дыяцэзіяльнага святара (ФОТАРЭПАРТАЖ)
- 13 мая, 2025
- Тэкст: кс. кан. Юрый Санько, фотарэпартаж: Мікіта Яфрэмаў // Catholicminsk.by
У суботу 10 мая ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбылася гістарычная падзея. Пасля амаль чатырох гадоў Мінска-Магілёўская архідыяцэзія атрымала новага святара ў асобе ксяндза Аляксандра Шыманскага.
Святарскае пасвячэнне ўдзяліў былому дыякану Аляксандру арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

На плыні цудоўных навін аб выбары новага Папы ў той дзень мінская катэдральная моладзь казала: Habemus presbyterum — «Мы маем прэзбітэра».

Ва ўрачыстай цэлебрацыі прынялі ўдзел біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, святары, выхаваўцы і семінарысты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і шматлікія вернікі.

Падчас гаміліі біскуп Юрый узгадаў храналогію ўзнікнення святарскага стану ў Касцёле і раскрыў галоўныя функцыі святарскага служэння.















У наступны дзень — нядзелю 11 мая — новапрэзбітэр у галоўным касцёле Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі цэлебраваў сваю першую, прыміцыйную святую Імшу.







Іерархі, святары і вернікі жадаюць ксяндзу Аляксандру Шыманскаму плённага служэння на ніве Пана ў Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі.
Ксёндз Аляксандр Шыманскі паходзіць з мінскай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ, мае 35 гадоў. У 2013 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта, пэўны час вёў працоўную дзейнасць, служыў у войску, мае вышэйшую вайсковую адукацыю.
У 2024 годзе скончыў навучанне ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. 17 чэрвеня ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча) абараніў магістарскую працу па гісторыі Касцёла на тэму жыцця і дзейнасці праваслаўнага біскупа святога Георгія Каніскага. Праходзіў душпастырскую практыку пры архікатэдральнай парафіі ў Мінску.
3 жніўня 2024 года прыняў дыяканскае пасвячэнне з рук біскупа Юрыя Касабуцкага. Працягнуў сваё служэнне, цяпер ужо ў якасці дыякана, у парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў сталіцы архідыяцэзіі і краіны.
Апошняе святарскае пасвячэнне для архідыяцэзіі адбылося 27 мая 2021 года. Тагачасны Апостальскі адміністратар ad nutum Sanctae Sedis біскуп Казімір Велікаселец пасвяціў у святары дыякана Юрыя Рашатко, аб чым раней пісаў партал Catholic.by.