Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Сведкі веры: законныя сёстры. Частка чацвёртая

  • 14 лістапада, 2025
  • Catholicminsk.by

З нагоды свята Пасвячэння Базылікі Святога Яна на Латэране, якое адзначалася 9 лістапада, адказваючы на заклік спачылага Папы Францішка ўшанаваць мясцовых сведкаў веры — святых, благаслаўлёных, а таксама тых, чыя слава святасці ўжо пацверджана гераічнасцю цнотаў — Слуг Божых, разам з ксяндзом доктарам Яўгенам Вінтовым прапануем успомніць Слуг Божых, звязаных з тэрыторыяй сучаснай Беларусі.

Законныя сёстры:

1. Слуга Божая Ядвіга Бажэнцкая CR (1 лютага 1863, маёнтак Абрэмшчызна каля Гродна – 27 верасня 1906, Кенты, Польшча) — паходзіла з тэрыторыі сучаснай Беларусі. Каталіцкая законніца, сузаснавальніца Кангрэгацыі Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана, дачка благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. Нарадзілася ў шляхецкай сям’і Юзафа і Цэліны з Хлудзінскіх Бажэнцкіх у Абрэмшчызне пад Гроднам. Дзіцячыя гады прайшлі ў глыбока веруючай сямейнай атмасферы, аднак пасля цяжкай хваробы бацькі сям’я пераехала на лячэнне ў Вену, а ў 1875 годзе — у Рым. Там Ядвіга разам з маці пазнаёмілася са Слугой Божым айцом Пятром Семяненкам CR, які стаў іх духоўным кіраўніком. Пад яго ўплывам Ядвіга адкрыла ў сабе манаскае пакліканне. У 18 гадоў, 25 сакавіка 1881 года, яна разам з маці прыняла рашэнне стварыць новую жаночую манаскую супольнасць, якая атрымала назву Кангрэгацыя Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана. Афіцыйнае зацверджанне Папы Льва XIII яна атрымала ў 1891 годзе. Законныя дамы паўсталі ў Рыме, Кентах, Балгарыі і Чыкага. Ядвіга Бажэнцкая памерла ў Кентах у ноч з 26 на 27 верасня 1906 года. У 1982 годзе святы Папа Ян Павел ІІ прызнаў гераічнасць яе цнотаў.

2. Слуга Божая сястра Ружа Сэрца Марыі OPL (1896, Віцебская губерня — 11 лютага 1944, Казахстан). Паходзіла з тэрыторыі сучаснай Беларусі з каталіцкай сям’і. Атрымаўшы добрую адукацыю, у 1920 годзе ўступіла ў супольнасць сясцёр Трэцяга ордэна святога Дамініка ў Маскве, якой кіравала маці Кацярына Абрыкосава. У манаства прыняла імя Роза Сэрца Марыі і дадала асаблівае абяцанне — ахвяраваць сваё жыццё Богу «за збаўленне Расіі». За вернасць Касцёлу неаднаразова была арыштаваная савецкімі ўладамі. Беатыфікацыйны працэс распачаўся 31 мая 2003 года, тытул справы — «Каталіцкія Навамучанікі Расіі».