Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: У цэнтры дня — Крыж

14 верасня
  • 18 верасня, 2025
  • Фота і тэкст: вернікі парафіі // Catholicminsk.by

Свята Узвышэння Святога Крыжа, якое ў паўсюдным Касцёле адзначаецца 14 верасня, сёлета для мінскага кальварыйскага касцёла было асаблівым. Святыня, якая ў 1842 годзе была асвечаная пад тытулам менавіта гэтай вялікай падзеі, перажыўшы тры вайны, у 1980 годзе, гэта значыць 45 год таму, стала першай святыняй, адкрытай у Мінску ў савецкі час. Для многіх мінскіх каталіцкіх вернікаў яна доўгі час заставалася адзінай калыскай жыцця і веры.

Падрыхтоўкай да святкавання 45-годдзя прысутнасці Бога ў святых сакрамэнтах стала трыванне парафіяльнай супольнасці ў дзевяцідзённым малітоўным чуванні перад алтаром Пана.

Раніцай, у нядзелю 14 верасня, урачыстую святую Імшу на Кальварыі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Сіповіч і ксёндз канонік Юрый Ясевіч. Разам з імі маліўся таксама ксёндз Ірэнэўш Копач, які ўзначальвае супольнасць «Каштоўная пярліна», звязаную з рухам «Святло-Жыццё».

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр разважаў над сутнасцю крыжа ў жыцці кожнага верніка. Ім былі узгаданы факты, звязаныя са знаходжаннем Хрыстовага Крыжа святой Аленай і асвячэннем у яго гонар базылікі ў Ерузалеме. Іерарх прывёў кранальныя словы пра крыж святога Аўгустына. Таксама ён звярнуў увагу на асноўныя моманты з гісторыі існавання кальварыйскага касцёла. Напрыканцы з вуснаў Мітрапаліта прагучала падзяка пробашчу парафіі, ксяндзу Андрэю, і ўсім святарам, якія неслі служэнне ў святыні.

У цэнтры працэсіі, якую рыхтавалі ўдзельнікі супольнасці «Каштоўная пярліна», былі ахвярныя дары хлеба і віна, а таксама крыж, на якім здейснілася справа збаўлення. Да алтара быў прынесены сімвал сёлетняга юбілейнага года якар, які з’яўляецца сімвалам надзеі, бо Езус наш Якар і наша Надзея. З нагоды 33-годдзя існвання супольнасці «Каштоўная пярліна» быў ахвяраваны духмяны хлеб як знак касцёльнай супольнасці, якая, як хлеб з зярнятак, у адзінстве ўтварае Містычнае Цела Хрыста Касцёл.

Яскравым момантам урачыстасці стала прызначэнне нашага пробашча ксяндза Андрэя Сіповіча ганаровым канонікам Катэдральнага капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай.

Напрыканцы святой Імшы парафіяне падзякавалі арцыбіскупу за ўдзел у святкаванні, а таксама павіншавалі яго з 4-й гадавінай прызначэння арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, якое здейсніў Папа Францішак 14 верасня 2021 года.

Урачыстасць завяршылася пастырскім благаслаўленнем арцыбіскупа. Арцыпастыр таксама благаславіў крыжы, якія вернікі пасля паднялі высока над галовамі як знак вялікай перамогі Божага дабра над злом сатаны.