Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: У Магілёве ўшанавалі святую каралеву Ядвігу

20 ліпеня
  • 23 ліпеня, 2025
  • Тэкст: а. Раман Шульц OP / Фота: Таццяна Дуянкова // Catholicminsk.by

У нядзелю 20 ліпеня ў магілёўскай парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі, дзе нясуць служэнне айцы дамінікане, адбыліся ўрачыстасці ў гонар заступніцы парафіі, святой каралевы Ядвігі.

Парафія ўжо на працягу трох гадоў рыхтуецца да гэтага свята праз дзевяць начэй чування, якія адбываюцца з кастрычніка па чэрвень і складаюцца ў навэнну. Гэтая навэнна прадугледжвае вывучэнне дзевяці цнотаў святой Ядвігі і малітву аб тым, каб мы таксама жылі гэтымі цнотамі ў нашым паўсядзённым жыцці. Гэта: вера, надзея, любоў, разважлівасць, справядлівасць, устрыманасць, мужнасць, пакора і супакой з прымірэннем.

У святочны дзень падчас Імшы а 10-й гадзіне раніцы галоўным цэлебрантам быў айцец Ежы Вежхоўскі, манах кларэтынец, які пабудаваў новы касцёл святога Антонія ў Магілёве. Дамінікане ў Магілёве плануюць рэканструяваць будынак, у якім зараз знаходзіцца парафія, і таму святара, які атрымаў ласку пабудаваць новы касцёл у горадзе на Дняпры, папрасілі цэлебраваць Імшу аб развіцці парафіі і ажыццяўленні мары аб рэканструкцыі будынка.

На Імшы прысутнічаў айцец Браніслаў Дашкевіч OP, настаяцель дамініканаў у Беларусі. Гамілію прамовіў айцец Раман Шульц OP, пробашч парафіі Святога Казіміра і Святой Ядвігі, які падкрэсліў, што ён згадзіўся прамовіць, таму што сам хацеў лепш пазнаць святую Ядвігу і падзяліцца багаццем яе жыцця з вернікамі. Галоўнай тэмай гаміліі была надзея святой Ядвігі на евангелізацыю Літвы, нягледзячы на крызіс, які ўзнік унутры Касцёла ў XIV стагоддзі, а менавіта дзеянні Тэўтонскага ордэна, грахамі якога былі пыха і прагнасць, і заходняя схізма, падчас якой, акрамя Папы ў Рыме, быў антыпапа ў Авіньёне. Таксама святар распавёў слухачам пра абраз Панны Марыі з Дзіцяткам Езусам з каралямі з яшмы на шыі, які быў намаляваны па просьбе святой Ядвігі за год да яе смерці ў 1398 годзе.

Традыцыйна прысутнічалі на адпустовай святой Імшы вернікі з іншых парафій Магілёва. Дамінікане мараць, каб у будучыні тут, у Магілёве, узнік санктуарый святой Ядвігі, якой некалі кароль Ягайла падарыў гэты горад у якасці вясельнага падарунка.

Пасля Імшы адбыўся канцэрт, падчас якога выступілі дзеці з нашых магілёўскіх парафій, якія вучацца ў музычных школах, пад кіраўніцтвам спадарыні Лены Валаховіч. Штогадовыя канцэрты падчас свята з’яўляюцца выкананнем слоў святога Яна Паўла II, які падчас кананізацыі святой Ядвігі нагадаў нам, што «вера мае патрэбу ў культуры, а культура мае патрэбу ў веры».

Пасля канцэрта адбылася віктарына са слайдамі, падрыхтаваная спадарыняй Святланай Шумскай, якая дапамагла нам яшчэ больш даведацца пра жыццё і дзейнасць святой Ядвігі. Наступнай падзеяй урачыстасці стала сустрэча за сталом, падрыхтаваным парафіянамі, дзе яе ўдзельнікаў чакалі цудоўна прыгатаваныя, смачныя «каралеўскія» торты святой Ядвігі. На іх былі выведзены дзве вялікія літары «М», якія адносяцца да дзвюх евангельскіх асоб, якімі захаплялася каралева — Марты і Марыі, — якія ўвасабляюць дзеянне і сузіранне.

На парафіяльную ўрачыстасць прыйшлі таксама госці з Афрыкі — каталіцкія студэнты, якія вучацца ў Магілёве і наведваюць нядзельную Эўхарыстыю на англійскай мове ў дамініканскай парафіі. Яны ўнеслі свой уклад у свята, спяваючы і танцуючы адну са сваіх традыцыйных песень.

Запрашаем вас наведаць нашу парафію, дзе захоўваюцца рэліквіі святой Ядвігі і копія яе кананізацыйнага абраза, і даверыць свае інтэнцыі яе заступніцтву.