ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Трэнінг для валанцёраў парафіяльных Caritas прайшоў пад Мінскам
- 4 сакавіка, 2025
- Тэкст і фота: Дзмітрый Мельнікаў, Ірына Фаміна // Catholicminsk.by
Каманда добраахвотнікаў парафіяльных Caritas становіцца ўсё больш і больш, і гэта не можа не радаваць. Аднак здараюцца моманты, калі ўнутраныя сілы ў валанцёраў могуць заканчвацца, і тады ўзнікае пытанне: дзе знайсці рэсурс для працягу? Такая сітуацыя можа закрануць чалавека любой прафесіі і кваліфікацыі, бо валанцёрства – праца далёка не простая і часта звязана з высокімі эмацыйнымі перагрузкамі.
1 сакавіка ў Дзіцячым дабрачынным сацыяльна-рэабілітацыйным цэнтры святога Лукі ў Ляскоўцы, што пад Мінскам, прайшоў трэнінг для валанцёраў парафіяльных суполак Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas на тэму “Пошук унутранага рэсурсу ў складаных сітуацыях”, які праводзіў псіхолаг ксёндз Аўгуст Калясінскі.

Натхняльнае мерапрыемства сабрала вакол сябе людзей, якія прысвячаюць сваё жыццё дапамозе іншым: пажылым і цяжкахворым людзям, сіротам, людзям з асаблівасцямі развіцця і многім іншым, хто патрабуе падтрымкі.
Удзел у адукацыйнай сустрэчы ўзялі валанцёры з парафій Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (Мінск, катэдра), Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Будслаў), Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (Заслаўе), святога Казіміра (Стоўбцы), Беззаганнага Сэрца Марыі і Найсвяцейшага Сэрца Езуса (Фаніпаль).






Ксёндз Аўгуст распавёў аб відах псіхалагічных рэсурсаў асобы і метадах іх аднаўлення, сувязі падзей і эмоцый, адрозненнях сапраўднай дапамогі і нездаровай, шкодзе татальнага кантролю над людзьмі, падзеямі і пачуццямі. Удзельнікі трэнінгу абмеркавалі метады і тэхнікі, якія можна выкарыстоўваць для пошуку ўнутраных магчымасцяў, і ўсвядомілі сабе, чаму гэта важна.
На практычнай частцы трэнінгу прысутныя адказвалі на пытанні і шукалі станоўчыя моманты ў складаных сітуацыях свайго жыцця, вучыліся бачыць пазітыўныя функцыі гэтых падзей і іх карысць.

Пасля мерапрыемства для валанцёраў адбылася святая Імша, якую цэлебраваў ксёндз Аўгуст.



У гаміліі святар разважаў пра запаведзі любові, якія будуюцца на адносінах з Богам, з самім сабой і бліжнім. Ён зазначыў, што з любові да Бога выходзяць з сэрца чалавека добрыя ўчынкі і дапамога бліжнім. Любоў не павінна быць вымушанай і весці да згубы, бо яна вядзе да ўзаемнага ўзбагачэння і развіцця ў адносінах з бліжнімі.

Верым, што атрыманыя веды дапамогуць удзельнікам выявіць асабістыя крыніцы сіл і навучыцца выкарыстоўваць іх у паўсядзённым жыцці, ўзмацняючы адносіны з Богам, з сабой і блізкімі.
Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі запрашае ўсіх, хто мае жаданне рабіць дабро і дапамагаць людзям, стаць валанцёрскім лідэрам Сaritas у сваёй парафіі.
Для гэтага неабходна запоўніць анкету ТУТ>>>.