Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Праз Марыю – да сэрца кожнага

8 лютага
  • 21 лютага, 2025
  • Тэкст: Ганна Бычынская, фота: а. Юрый Находка OCD, Ганна Бычынская

8 лютага мінская парафія Маці Божай Шкаплернай гасцінна прымала ўдзельнікаў ІІ Кангрэсу Легіёна Марыі, які вядзе апостальскую дзейнасць у Беларусі ўжо больш за 30 гадоў.

На пачатку святой Імшы біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, сардэчна прывітаў легіянераў, дзякуючы Богу за існаванне Легіёну Марыі ў нашай краіне. Ён заўважыў, што распаўсюджванне Божай навукі праз апостальства легіянераў уносіць значны ўклад у жыццё Касцёла, і пажадаў, каб на шляху апостальства ніколі не апускаліся рукі ў легіянераў, як яны не апускаліся ніколі ў Марыі. Паводле слоў іерарха, легіянеры павінны памятаць, што жыццё Марыі ніколі не было лёгкім. Яна заўсёды заставалася не толькі Маці Хрыста, але таксама надзейнай і вернай Яго памочніцай.

Праграма кангрэсу была насычанай і вельмі цікавай. Удзельнікі мелі магчымасць праслухаць тры канферэнцыі, абмеркаваць іх у групах у спецыяльна адведзены для гэтага час.

Тэму Эўхарыстыі асвятляў айцец Сяргей Трысцень OCD. Святар зазначыў, што Эўхарыстыя іграе неад’емную ролю ў будаванні супольнасці любові паміж Богам і чалавекам. Касцёл жыве Эўхарыстыяй, рэальнай сустрэчай з Хрыстом, які перамяняе сэрцы. Удзел у Эўхарыстыі для легіянера – гэта духоўная ежа. Легіянер Марыі пакліканы да апостальства – распаўсюджвання Божага валадарства сярод людзей. Эўхарыстыя ў гэтым выпадку дасць яму веру і сілу для служэння іншым, а ён засведчыць сваю адданасць Касцёлу і любоў, якую даў нам Хрыстус: “Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана”. Легіянер, прыняўшы Цела Хрыста – сімвал еднасці, становіцца больш адкрытым на патрэбы іншых людзей, гатовым чыніць дабро, будаваць еднасць з супольнасцю.

Уладзімір Вайцяховіч, адзін з першых легіянераў Марыі ў Мінску, падзяліўся сваім вопытам апостальства і непадзельнай любові да Марыі, разважаючы на тэму “Легіянерская прысяга як спосаб прысвячэння Найсвяцейшай Панне Марыі”. Калісьці катэгарычна прызнаўшыся Марыі ў любові, ён з упэўненасцю кажа, што легіянер павінен быць верным усім пунктам прысягі, таму што “падчас яе складання атрымлівае ад Бога вялікае благаслаўленне”. Ва ўсе часы зямнога існавання абяцанні заўсёды парушаў чалавек, які з’яўляецца ўдзельнікам вайны паміж д’яблам і Богам. Каб перамагчы ворага, легіянеры павінны ўмець планаваць сваю работу, як войскі, выпрацоўваць сваю тактыку і стратэгію. Гэта ўсё ведае Марыя, як сведка дамовы легіянера з Духам Святым. Кожны легіянер мае Яе ў сваім сэрцы, таму спазнае Яе асаблівую апеку. Мы вучымся ў Марыі пакоры, любові, працы, вучымся не баяцца цяжкасцей. Прысвячэнне Марыі – лепшы спосаб захаваць сваё жыццё і праз апостальскую місію, магчыма, таксама жыццё іншага чалавека.

Ксёндз Дзяніс Шастаковіч MSF падзяліўся ўласнымі ведамі пра легіянерскі рух, растлумачыўшы для пачатку, што быць ахрышчаным і быць хрысціянінам – не адно і тое ж. Легіянер, як сапраўдны хрысціянін, павінен быць апосталам, імкнуцца да евангелізацыі. Мэта Легіёну Марыі — праслаўленне Бога і асвячэнне членаў легіёну праз штодзённую малітву, спалучаную з ахвярай, штотыднёвыя малітоўныя сустрэчы і практычнае выкананне апостальскай працы. Для гэтага неабходны духоўны рост.

“Дзякуючы рухам і суполкам, якія існуюць у Каталіцкім Касцёле, кожны можа, згодна са сваім унутраным дарам, замест таго, каб знайсці сабе месца ананімнага верніка, наадварот, актыўна ўключыцца ў паўсюдную місію Касцёла. Легіянер як ніхто іншы можа дапамагчы падрыхтавацца людзям да споведзі, асэнсаваць і адкрыць яе неабходнасць.

У Касцёл часта прыходзяць людзі, каб успомніць родных ці блізкіх, паставіць свечку, а гэта – магчымасць больш зацікавіць іх, паразмаўляць з імі. Але для евангелізацыі легіянер сам павінен быць добра падрыхтаваны. Легіён Марыі за апошнія гады вельмі ўмацаваўся: ладзяцца духоўныя акцыі, адарацыі, рэкалекцыі, пілігрымкі. Гэта вельмі радуе. Я як пробашч бачу ў гэтым вялікую місію і скарб у супольнасці парафіяльнай, калі, напрыклад, Легіён Марыі арганізуе ў парафіі Літургію, у якую зможа ўключыць інфармацыю пра рух, яго дзейнасць. Важна, што тыя, хто належаць да гэтага руху, пакінуць аб сабе след сведчання любові да Бога і Яго Найсвяцейшай Маці Марыі”.

Больш за 120 легіянераў з усёй Беларусі з вялікай карысцю правялі час разам. Думаецца, што кожны атрымаў штосьці для свайго духоўнага развіцця, а таксама асалоду ад узаемных зносін.

Пасля кангрэсу Аксана Кішкурна напісала ў суполцы Вайбер: “Для сябе асабіста я атрымала шмат новага. Дзякуй дакладчыкам. Вельмі даступна данеслі шмат карыснай і патрэбнай інфармацыі. Дзякуй усім, хто дзяліўся сваім вопытам. Дзякуй за знаёмства з цудоўнымі людзьмі!”

Таццяна Дземчанка ў захапленні ад арганізацыі кангрэсу: “Шчыра дзякуем Пану Богу, што змаглі ўдзельнічаць у кангрэсе. Асабліва хачу падзякаваць Прэзідыўму Маці Божай Шкаплернай. Вельмі ўсё прадумана, адказна, велічна, глыбока, з такой любоўю!”

Выказаў сваё меркаванне і Уладзімір Вайцяховіч: “Уразіла арганізацыя арганізатараў і арганізаванасць удзельнікаў. Гэта тое, чаго Бог ад нас чакае. Калі ёсць арганізацыя і арганізаванасць, то будуць і Божыя ласкі і Яго благаслаўленне”. Спадзяёмся на гэта.