ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Маці Божая няспынна чувае разам з намі
- 20 мая, 2024
- Тэкст: Ганна Шаўчэнка, фота: Віктар Ведзень, Леанід Мацко, Галіна Латышава
У мінскай парафіі Святога Духа ў парафіяльную адпустовую ўрачыстасць адбылася перэгрынацыя копій абразоў Маці Божай.
19 мая ў мінскай парафіі Святога Духа ў мікрараёне Чыжоўка вернікі мелі двайную нагоду для радасці — яны адзначалі парафіяльную ўрачыстасць, якая супадае з днём нараджэння гэтай святыні, і ядналіся ў малітве перад копіямі 17-ці цудадзейных абразоў Маці Божай, якія прыбылі ў парафію Святога Духа напярэдадні вечарам у рамках перэгрынацыі па ўсёй Беларусі.
На пачатку ўрачыстай святой Імшы пробашч парафіі ксёндз-канонік Ян Крэміс нагадаў усім прысутным вернікам, што роўна 12 гадоў таму, 19 мая 2012 года, адбылося благаслаўленне тэрыторыі пад будаўніцтва касцёла і вуглавога каменя будучай святыні. Сёння можна з радасцю назіраць, як расце і развіваецца парафія, як Хрыстус у новазбудаваным касцёле прыцягвае да сябе новых вернікаў.
У той памятны гістарычны дзень на ўрачыстасці, якая папярэднічала будаўніцтву святыні, прысутнічаў ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк — і вось ён зноў прыбыў у парафію Святога Духа, каб узначаліць тут святую Імшу і заахвоціць вернікаў з поўным даверам даручаць сябе Маці Божай. Менавіта ксёндз Уладзіслаў з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам перэгрынацыі копій цудадзейных абразоў Багародзіцы — спачатку гэтая акцыя адбывалася ўздоўж межаў Беларусі, а цяпер працягваецца па шматлікіх парафіях нашай Бацькаўшчыны.
У сваёй гаміліі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, віншуючы парафіянаў з урачыстасцю Спаслання Духа Святога, параўнаў святыню з Вячэрнікам, дзе мы знаходзімся ў няспынным чуванні і атрымліваем Божае благаслаўленне на штодзённае жыццё і выкананне Божай волі ў сваіх справах і абавязках, радасцях і цяжкасцях. Менавіта адсюль Езус пасылае нас прапаведаваць Добрую Навіну, несучы іншым радасць жыцця. Святар узгадаў евангельскі аповед пра цудоўнае размнажэнне хлябоў, калі апосталы, усхваляваныя просьбаю Езуса накарміць шматтысячны натоўп, не маючы столькі патрэбнай ежы, даверыліся Хрысту і пачалі аддана выконваць Яго наказ. «Рабі тое, што табе падказвае сумленне, абвяшчай свету Евангелле ўчынкамі і малітвамі — і ласка Божая дапоўніць тваё сведчанне, азарыць іншага чалавека, адкрые яго сэрца на Божае слова», — заахвочваў ксёндз Уладзіслаў.
Звяртаючы ўвагу вернікаў на прысутныя ў святыні абразы Маці Божай, святар заўважыў, што Маці Божая няспынна чувае разам з намі і, як калісьці ў Кане Галілейскай, сама прыходзіць да нас і просіць: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Ян 2, 5). Багародзіца запрашае нас наведаць Яе санктуарыі — у некаторых святынях Яна ў сваіх цудадзейных абразах ужо не адно стагоддзе сустракае сваіх дзяцей, каб выслухаць іх просьбы і напоўніць надзеяй на Божую міласэрнасць. Святар падчас гаміліі асаблівым чынам заахвочваў вернікаў да штодзённай малітвы на ружанцы і супольнай сямейнай малітвы.
Напрыканцы святой Імшы адбылося маёвае набажэнства і ўрачыстая працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол касцёла.
Копіі цудадзейных абразоў Маці Божай застануцца ў касцёле Святога Духа да 27 мая. У апошні дзень перэгрынацыі тут адбудзецца Акт прысвячэння парафіі Маці Божай.
Вернікі парафіі Святога Духа шчыра дзякуюць ксяндзу-каноніку Уладзіславу Завальнюку за супольную малітву, за перэгрынацыю абразоў Маці Божай і віншуюць яго з 50-годдзем святарства, якое ксёндз-канонік адзначыць 26 мая. За паўстагоддзя руплівага служэння гэты святар зрабіў неацэнны ўнёсак у адражэнне і развіццё Каталіцкага Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне. Парафіяне трапна заўважаюць, што гэта «святар-гісторыя», «святар-сучаснасць» і прыклад веры, таму жадаюць яму невычэрпных духоўных і фізічных сіл, энтузіязму і натхнення на далейшыя гады адданага святарскага служэння, шчодрых дароў Духа Святога і клапатлівай апекі Найсвяцейшай Панны Марыі і абяцаюць шчырую малітву за святара і за яго працу на ніве Божай.