Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Копія абраза Маці Божай Гвадэлупскай наведала парафіі ў Мінску

  • 20 жніўня, 2025
  • Тэкст: кс. кан. Юрый Санько / Фота: з архіваў парафій Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха), св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску // Catholicminsk.by

Незвычайная падзея адбылася на мінулым тыдні ў Мінску. У беларускую сталіцу прыбыла копія слыннага абраза Маці Божай Гвадэлупскай, які знаходзіцца ў Мексіцы. Менавіта адтуль браты місіянеры вязуць яго ў Расію ў інтэнцыі спакою ў свеце.

Выява Маці Божай Гвадэлупскай цудоўным чынам з’явілася на плашчы індзейца Хуана Дыега ў Мексіцы падчас аб’яўленняў Дзевы Марыі ў снежні 1531 года. З тых часоў абраз вядомы шматлікімі цудамі. У 1736-1737 гадах Маці Божая ў Мексіцы стрымала страшную эпідэмію, якая забірала тысячы жыццяў. А ў 1571 годзе, калі над хрысціянскім светам навісла рэальная пагроза з боку Асманскай імперыі, у рашаючай бітве пры Лепанта адзін з кіраўнікоў хрысціянскага флоту ўзяў на свой карабель копію абраза Маці Божай Гвадэлупскай і даручыў Ёй гэтае змаганне. Мы ведаем, што хрысціяне цудоўным чынам атрымалі перамогу.

І цяпер копія абраза вандруе з краіны ў краіну, каб несці мір сучаснаму свету. У Мінску абраз прынялі архікатэдральная парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама парафія святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ, дзе вернікі маглі памаліцца і ўшанаваць Маці Божую з Гвадэлупэ.

Адмысловае набажэнства адбылося ў касцёле Найсвяцейшай Троіцы (святога Роха) на Залатой Горцы, дзе абраз ва ўрачыстай працэсіі быў унесены ў касцёл. Падчас святой Імшы пробашч парафіі ксёндз канонік Юрый Санько заахвоціў вернікаў прысвяціць сябе Маці Божай, а пасля выразіў падзяку місіянерам за магчымасць прыняць абраз у сваёй святыні.

З нашай краіны копія абраза Панны Марыі Гвадэлупскай накіроўваецца ў Маскву. Далучым жа і нашыя малітвы, каб Маці Божая, якая на працягу стагоддзяў здзяйсняе цуды па ўсёй зямлі, выпрасіла спакой для нашых сэрцаў і трывалы мір на зямлі.