Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Калі ты ўжо не можаш абняць далонямі тых, хто быў табе блізкі, абдымі іх сваёй малітвай

2 лістапада
  • 4 лістапада, 2025
  • Тэкст і фота: вернікі парафіі // Catholicminsk.by

2 лістапада, адзначаючы ўспамін Усіх памерлых вернікаў, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі разам з ксяндзом канонікам Андрэем Сіповічам, пробашчам мінскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа, правёў набажэнства за памерлых з працэсіяй па Кальварыйскіх могілках у Мінску.

«Няхай гэтая малітва будзе для нас умацаваннем і заахвочваннем крочыць шляхам Божых запаведзяў у нашай штодзённасці», — звярнуўся да прысутных арцыбіскуп Юзаф перад набажэнствам.

Разам з іерархам і пробашчам ксяндзом Андрэем вернікі сталіцы прайшлі ў працэсіі па старажытных могілках, узгадваючы ў малітве памерлых святароў, бацькоў, дабрадзеяў, выхавацеляў, ахвяраў войн, а таксама ўсіх памерлых, пахаваных на мінскай Кальварыі.

Распачынаючы цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа, Мітрапаліт Юзаф нагадаў усім прысутным, што сёняшні дзень асаблівы, бо гэта нядзеля — дзень Змёртвыхпаўстання Хрыста. «Мы святкуем вялікую радасць, што Езус перамог смерць, — сказаў іерарх. — Ён Уваскрос не толькі для сябе, але і дзеля збаўлення ўсіх тых, хто да Яго набліжаецца. Мы прайшлі па могілках і бачылі як драўляныя, так і мармуровыя крыжы. Але сапраўдную каштоўнасць мае душа — яна стаіць перад Панам. Таму мы маліліся за ўсіх памерлых, а асабліва за тых, каго мы памятаем, каму ўдзячныя, але таксама і за тых, каго не ведаем. Маці-Касцёл памятае пра ўсіх».

«Разам з вамі я хачу маліцца ў гэтым святым месцы за тых, хто будаваў гэты касцёл, хто прызначыў свае сродкі на яго будаўніцтва, нягледзячы на тое, што, можа, іх і не хапала на жыццё або на абсталяванне свайго памяшкання.

Молімся, каб гэтая святыня, згодна з інтэнцыяй будаўнікоў і ахвярадаўцаў, і надалей была касцёлам, служыла для малітвы і сустрэчы чалавека з Богам і Бога з чалавекам»,

— агучыў сваю інтэнцыю арцыбіскуп Юзаф.

Нагадаем, што 2025 год для мінскага кальварыйскага касцёла быў асаблівым. 14 верасня святыня адзначыла 45-годдзе прысутнасці Бога ў святых сакрамэнтах.

 У прамоўленай падчас святой Імшы гаміліі арцыпастыр узгадаў, што 1 лістапада веруючыя дзякавалі і радаваліся вялікаму заступніцтву Усіх Святых. Наша беларуская зямля мае сваіх 25 святых і благаслаўлёных. Сярод іх ёсць і такія далёкія гістарычныя постаці, як святы Андрэй Баболя, і благаслаўлёныя Другой сусветнай вайны, 80 год заканчэння якой мы святкуем у гэтым годзе.

Іерарх прывёў кранальны прыклад мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак з Навагрудка, якія добраахвотна і свядома пайшлі на смерць, каб уратаваць 120 чалавек, арыштаваных і прыгавораных да расстрэлу, і прыклад благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, якая ахвяравала сваё жыццё за цяжарную нявестку.
Выява: ru.wikipedia.org

Таксама арцыбіскуп разважаў пра міласэрнасць і ласкавасць Бога, якую чалавек адчуў толькі ў той момант, калі ў гэты свет прыйшоў Езус Хрыстус, каб нас збавіць. Пасля сваёй Мукі і Уваскрашэння Ён зышоў у адхлань, каб кожны чалавек быў збаўлены. Бо кожны чалавек і кожная душа вельмі важная для Бога.

«Толькі з Хрыстом, толькі ў Хрысце мы можам зразумець і прыняць тую праўду, што нашых продкаў ужо няма разам з намі, мы не маем магчымасці абняць іх, — разважаў арцыпастыр. —

У гэтыя дні некаторыя дасылаюць адзін аднаму такія застаўкі ў тэлефоне, дзе напісана: калі ты не можаш абняць далонямі тых, хто быў табе блізкі, абдымі іх сваёй малітвай. І мы сапраўды абдымаем іх сваёй малітвай».

Таксама Мітрапаліт Юзаф Станеўскі заахвоціў прысутных штодзённа, а не толькі 2 лістапада, маліцца за памерлых: «Няхай сённяшняя лампадка — нашая малітва — гарыць і сагравае іх душы. Або гэтыя кветкі — няхай гэта будзе букет нашых добрых учынкаў у нашым грамадстве. Каб гэты свет напаўняўся дабрынёю, любоўю, спагадай».

Напрыканцы святой Імшы пробашч парафіі ксёндз канонік Андрэй Сіповіч падзякаваў Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму за ўдзел у набажэнстве, за прамоўленае слова і духоўную падтрымку парафіяльнай супольнасці, якая моліцца ў касцёле на Кальварыі.