Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: «Каб вашыя сэрцы палалі, як Сэрца Езуса Хрыста»

27 чэрвеня
  • 2 ліпеня, 2025
  • Тэкст і фота: Ганна Бычынская // Catholicminsk.by

27 чэрвеня адбылася значная падзея для католікаў вёскі Жацерава — ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі благаславіў адноўленую капліцу і кансэкраваў новы алтар.

Капліца, ці «касцёлак», як ласкава называюць сваю святыню мясцовыя жыхары, мае тытул Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У 2023 годзе стараннямі ксяндза каноніка Ігара Лашука, пробашча парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах, быў адрэстаўраваны абраз Найсвяцейшага Сэрца Езуса, які ўпрыгожвае алтар капліцы. З таго часу распачаліся і рэстаўрацыйныя работы ў «касцёлку» як даніна павагі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, як уміласціўленне і перапрашэнне Найсвяцейшага Сэрца Езуса за людскія знявагі. За кароткі час быў адрамантаваны дах, узмоцнены фундамент, праведзены грунтоўныя працы звонку і ўнутры капліцы, зроблены прыгожы новы алтар, добраўпарадкавана тэрыторыя вакол будынка, устаноўлена новая агароджа.

«Гэта святыня, у якой праслаўляецца імя Божае, гэта дом Божы, у якім чалавек сустракаецца з Езусам Хрыстом… Гэта таксама сведка нашай гісторыі, нашай спадчыны, каб мы маглі захаваць яе і перадаць нашчадкам, — сказаў біскуп Юрый, вітаючыся з вернікамі. — Вы зрабілі сапраўды вялікую справу, таму шчыра дзякую ўсім, хто спрычыніўся да аднаўлення капліцы, гэтага сапраўды прыгожага і велічнага алтара, за выкананую працу, у выніку якой гэтая святыня атрымала новае жыццё».

У гаміліі біскуп Юрый зрабіў акцэнт на вялікай любові Езуса Хрыста да кожнага чалавека:

«Езус чакае кожнага з нас у сваім Нябесным Валадарстве. Важна разумець і памятаць, што для кожнага з нас Ён памёр на крыжы і для кожнага з нас уваскрос. Калі мы молімся і гаворым “Найсвяцейшае Сэрца Езуса, змілуйся над намі”, то ўшаноўваем Езуса Хрыста як Пастыра, які нас любіць. Сэрца Езуса палае любоўю да чалавека. А наша любоў да Бога праяўляецца ў нашай веры, у нашай малітве, у нашым удзеле ў святой Імшы.

Праяўленне любові да Бога — і гэтая святыня, якую збудавалі вашыя продкі. Яны хацелі, каб тут быў дом Божы. Магу сказаць, што вы любіце Бога і вы Яго сябры, бо вы аднавілі гэтую святыню, вы дбаеце пра яе, пра святара. Нездарма, з радасцю прыязджае маліцца з вамі ксёндз Ігар. І сёння мы молімся аб еднасці між намі, аб еднасці ў парафіі, аб любові, добразычлівасці, прабачэнні… Знаходзячыся ў месцы, якое асаблівым чынам прысвечана ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса, жадаю, каб вы заўсёды напаўняліся любоўю, каб вашыя сэрцы палалі, як Сэрца Езуса Хрыста».

Парафіяне, выказваючы ўдзячнасць біскупу Юрыю і ксяндзу Ігару, з любоўю расказалі пра лёс жацераўскай святыні, пра вернікаў, якія сваімі стараннямі, вераю, адданасцю, матэрыяльнымі выдаткамі падтрымлівалі «касцёлак» у належным стане, спрыялі валадаранню Божаму ў святыні, распаўсюджанню культу Сэрца Езуса не толькі ў вёсцы, але і ў парафіі. «Нашым “касцёлкам” заўсёды апекавалася сям’я Ядвігі і Часлава Абрамовічаў, якая жыла праз дарогу. Яны адчынялі і зачынялі яго, прыбіралі, упрыгожвалі кветкамі, запальвалі свечкі, сустракалі людзей, ксяндзоў. Заўсёды было хораша і прыемна сюды прыходзіць. Сёння душой нашай святыні з’яўляецца іх дачка, пані Рэгіна Васілеўская. І ўжо яе дзеці, унукі і праўнукі актыўна ўдзельнічаюць у жыцці капліцы. Мы радуемся, што ёсць такія людзі, побач з якімі ўсім утульна і добра», — з цеплынёй і шчырасцю сказала Яніна Камароўская.

Непаўторная атмасфера ўзнёсласці, святасці, прыгажосці агортвае чалавека пры ўваходзе ў капліцу. Яна, напэўна, застанецца нязменнай і ў далейшым, таму што людзі, якія прыходзяць сюды на сустрэчу з Богам, — прыгожыя, радасныя, добразычлівыя. А яшчэ — вясёлыя, гасцінныя, галасістыя. У гэтым змаглі пераканацца ўсе прысутныя пасля набажэнства, падчас канцэрта мясцовага гурта «Дольніца» і пачастунку ад жыхароў Жацерава.