Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Фармацыйная сустрэча свецкіх францішканаў адбылася ў Івянцы

14 верасня
  • 20 верасня, 2024
  • Тэкст і фота: Ірэна Туровіч // Catholicminsk.by

14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, пры францішканскім кляштары ў Івянцы адбылася сустрэча для фарматараў і ўдзельнікаў фармацыі Францішканскага ордэна свецкіх (ФОС). У сустрэчы прынялі ўдзел каля пяцідзесяці братоў і сясцёр з розных куткоў Беларусі.

Спатканне распачалося са Святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў брат Павел Раманчук OFMConv. Гамілію да членаў супольнасці прамовіў нацыянальны асістэнт ФОС Беларусі брат Андрэй Букштан OFMCap. Ён падкрэсліў, што Крыж, узнесены над зямлёю, дадзены нам для радасці: каб мы адкрывалі прысутнасць Бога ў гэтым Крыжы; каб ведалі, што гэта момант нашага навяртання; каб у ім убачылі Бога, які прабачае, які ніколі нас не забівае, а заўсёды дае нам шанец на жыццё. Гэты шанец – у Сыне Укрыжаваным.

Пасля Літургіі нацыянальны асістэнт ФОС Беларусі брат Яўген Голуб OFMConv прамовіў да ўдзельнікаў сустрэчы канферэнцыю на тэму “Тры слупы сталай фармацыі ў Францішкансцім ордэне свецкіх”.

Вось некаторыя пытанні і адказы з канферэнцыі.

Што такое хрысціянская фармацыя? Для чаго яна нам патрэбная?

Фармацыя – гэта працэс паступовага дасканалення асобы да пэўнай формы. Дасканаласцю для кожнага хрысціяніна ёсць Хрыстус. Хрысціянская фармацыя кіруе нас да Хрыста, каб стаць падобнымі да Яго, каб Яго ўбачыць і ісці за Ім.

Дзе ў нашым супольным францішканскім жыцці Хрыстус? Дзе мы Яго бачым? Дзе месца Яго прабывання?

Трыма месцамі, на якіх трымаецца фармацыя, з’яўляюцца:

  • Супольнасць – месца, дзе Бог дзейнічае праз любоў, праз сціранне нашага эгаізму.
  • Слова Божае – Слова, скіраванае да нас праз Евангелле.
  • Літургія – перажыванне ў супольнасці бачных знакаў Божай прысутнасці.

Усё разам – гэта Касцёл, прастора, дзе ёсць Бог, дзе мы з Ім сустракаемся. Ён гаворыць з намі, уваходзіць у адносіны праз гэтыя тры рэчаіснасці.

У чым францішканскасць гэтай фармацыі?

Францішканскі стыль фармацыі – выхаванне сябе ў пошуку Хрыста, жаданне жыць Евангеллем, адкрыццё сябе на патрэбы другога чалавека і, самае галоўнае, – асабістае навяртанне, якое ёсць ключом францішканскай фармацыі.

Напрыканцы сустрэчы для ўсіх лакальных супольнасцяў ФОС была прапанаваная сістэма “інструментаў” для сталай фармацыі ордэна свецкіх.