ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Дзень нараджэння Цэнтра св. Лукі адзначылі ў Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
- 8 чэрвеня, 2024
- Тэкст: Дзмітрый Мельнікаў, фота: Вольга Казырэнка
31 мая ў Карытас Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адзначылі Дзень Нараджэння – нашаму Дзіцячаму дабрачыннаму сацыяльна-рэабілітацыйнаму цэнтру св. Лукі споўнілася 20 гадоў. На працягу гэтага часу мы дапамагаем дзецям з анкалагічнымі захворваннямі. За гэты час больш за 1000 сем’яў з усіх куткоў краіны атрымалі дапамогу і прайшлі рэабілітацыю ў нас, былі арганізаваны дзясяткі дабрачынных праектаў і акцый, да нас далучыліся сотні памочнікаў і валанцёраў.
«У дзень нараджэння нашага цэнтра мы хочам яшчэ раз нагадаць: за кожнай перамогай над хваробай стаяць звычайныя людзі – тыя, хто аднойчы не прайшоў міма і вырашыў дапамагаць, – кажа мэнэджар Дзіцячага цэнтра св. Лукі Вераніка Любко. – Купіў і перадаў прадукты для нашых сем’яў. Вылучыў некалькі гадзін, каб правесці майстар-клас для нашых падапечных. Дапамог фінансава. Без усіх гэтых простых дзеянняў і людзей, якія іх здзяйсняюць, не было б нашага цэнтра».
Наша свята сабрала каля 200 гасцей усіх узростаў: сем’і, якія праходзяць рэабілітацыю ў нашым цэнтры, дзеці з Бараўлянскай РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, дзеці з SOS-дзіцячай вёскі, выхаванцы Гарадзейскай дапаможнай школы-інтэрната, шматдзетныя і прыёмныя сем’і, сем’і з дзецьмі з інваліднасцю, а таксама партнёры, спонсары і валанцёры.
Зразумела, мы не збіраемся спыняцца і будзем рухацца толькі наперад і развівацца. Мы дзякуем нашым партнёрам і сябрам нашай арганізацыі, усім, хто на працягу гэтых гадоў падтрымліваў нас і дапамагаў ажыццяўляць нашы пачынанні.