ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: «Бог ёсць над намі»
- 4 сакавіка, 2025
- Тэкст і фота: Ганна Бычынская // Catholicminsk.by
2 сакавіка ў парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах 64 вернікі зрабілі важны крок у сваім жыцці, адказаўшы «так» на заклік Езуса быць Яго сведкамі. Яны сталі паўнапраўнымі членамі Каталіцкага Касцёла праз удзяленне дару Духа Святога з рук самага маладога ў Беларусі біскупа Андрэя Зноскі.
Рыхтаваў парафіян да такога важнага кроку ў іх жыцці ксёндз канонік Кірыл Бардонаў на працягу трох месяцаў. Для зручнасці вернікаў на Youtube трансліраваліся ўсе лекцыі па катэхізацыі да сакрамэнту канфірмацыі. Нават калі кандыдат не прысутнічаў у касцёле падчас лекцыі, у любы час мог паглядзець яе дзякуючы трансляцыі.

У святочны дзень у касцёле было па-асабліваму ўрачыста. Вернікі з радасцю чакалі пачатку святой Імшы ў гонар святога Казіміра, заступніка нашай парафіі, апекуна моладзі.

Пробашч парафіі ксёндз канонік Ігар Лашук разам з біскупам Андрэем зайшлі ў касцёл. У святыні шаноўнага госця цёпла прывіталі хлебам-соллю парафіяне: «Ваша Эксцэленцыя біскуп Андрэй! Вернікі парафіі святога Казіміра рады вітаць Вас на Стаўпецкай зямлі. Сёння ў сценах нашай святыні адбудзецца цудоўная падзея: моладзь і людзі сталага ўзросту дзякуючы Вам атрымаюць сакрамэнт канфірмацыі. Кожны з іх яшчэ больш наблізіцца да Бога. А значыць, больш Божага слова і ласкаў Божых разліюцца гаючымі лекамі па усёй Стаўпеччыне».


«Прыемна быць сярод вас у такім велічным касцёле. Радасна ўдзельнічаць з вамі ў Эўхарыстыі. Будзем разам праслаўляць Бога, бо Ён тут адзін галоўны. Яму кланяемся і аддаём пашану. Толькі Богу аднаму няхай будзе ў гэтым месцы праслаўленне», – пачулі ў адказ прысутныя.

У гаміліі біскуп Андрэй Зноска патлумачыў кандыдатам, іх сведкам, бацькам і ўсім вернікам таямніцу канфірмацыі: «Сёння я малюся за ўсю вашу парафію, асабліва за ўсіх кандыдатаў – моладзь і старэйшых людзей, якія просяць у Бога асаблівыя дары – дары Духа Святога… На працягу свайго жыцця вы будзеце адкрываць у сабе гэтыя дары. Шукайце гэтыя сем дароў, адчуйце іх у сабе. Калі будзеце іх адкрываць у сабе, будзеце будаваць Касцёл, жывы, нябачны, незнішчальны Каталіцкі Касцёл. Жадаю, каб там, дзе вы будзеце, быў жывы Касцёл, каб кожны, хто будзе побач, адчуваў гэта».

Пасля гаміліі кандыдаты і сведкі выстраіліся ў цэнтры касцёла. Моладзь, старэйшыя – усе сканцэнтраваныя, сур’ёзныя.
«…Спашлі на іх, Пане, Святога Духа Суцяшыцеля, дай ім духа мудрасці і розуму, духа рады і мужнасці, духа ўмеласці і пабожнасці, напоўні іх духам Тваёй боязі».
Пасля гэтай малітвы кожнаму кандыдату на чале біскуп накрэсліў хрызмам знак крыжа, кажучы: «Прымі знак дару Духа Святога». На што кандыдат адказаў: «Амэн». На памяць аб такім важным моманце ў жыцці кожны канфірмаваны атрымаў спецыяльны крыж з рук ксяндза Ігара.

Цудоўная літургічная музыка і спевы гучалі падчас Імшы і канфірмацыі ў выкананні арганістак Алены Шуцько і Валянціны Ляхоўскай, скрыпачкі Арыны Камейша і спевакоў касцёльнага хору.

«Я вельмі шчаслівы і радасны, прызнаюся, што вельмі прыемна канфірмаваць. Спадзяюся, і вы таксама шчаслівыя. Цяпер гэта эмоцыі, але пасля, у жыцці, вы будзеце адкрываць, што вы поўныя гэтых дароў, што ніхто імі не абдзелены, што кожнаму Бог даў столькі, колькі трэба», – сказаў біскуп Андрэй.

На заканчэнне вернікі падзякавалі святарам Ігару і Кірылу за душпастырскую працу, а таксама біскупу Андрэю за скіраванае Божае слова і ўдзяленне сакрамэнту канфірмацыі і падаравалі яму сімвал Духа Святога – палатнянага голуба, звязанага валанцёрам парафіяльнай суполкі Caritas Феліцыяй Шымак. А госця з Нараўлянскага раёна заспявала песню пра Маці Божую Фацімскую.


Біскуп Андрэй перадаў прывітанне ад арцыбіскупа Юзафа Станеўскага святарам і парафіянам з нагоды такой святочнай падзеі ў парафіі. Іерарх на развітанне дадаў: «Усім жадаю здароўя, ласкі Божай, ніколі не сумнявацца, што Бог ёсць, і што Бог ёсць над намі».
Верым!..
