Skip to main content

Ксёндз з Беларусі стаў лаўрэатам прэстыжнай прэміі папскага фонду

  • 27 лістапада, 2024
  • Паводле Vatican News Belarus

Ксёндз доктар Раман Суша стаў лаўрэатам прэстыжнай узнагароды Фонда Centesimus Annus – Pro Pontifice за даследаванне міфадызайну ў лічбавую эпоху. Узнагарода будзе ўручана ў Рыме.

Сёлета камісія Міжнароднай прэміі Эканоміка і грамадства пад кіраўніцтвам кардынала Райнхарда Маркса адзначыла, сярод іншых, працу беларускага святара Міфадызайн у лічбавую эпоху: этычнае і псіхасацыяльнае даследаванне палітычных тэхналогій.

Даследаванне ксяндза Сушы прысвечана аналізу феномена міфадызайну як стратэгіі канструявання калектыўных уяўленняў. Аўтар прапануе разглядаць міф не як недасягальную ідэалізацыю легенд, але як інструмент сацыяльнага і культурнага праектавання. Гэта канцэпцыя блізкая да разумення тэхналогіі ў філасофіі Хайдэгера, дзе яна становіцца сродкам надзеі і пераўтварэння свету.

Асаблівую ўвагу ў даследаванні надаецца этычнаму аспекту міфадызайну, які разглядаецца праз прызму сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла. Аналіз міфадызайну дазваляе лепш зразумець, як міфічныя наратывы фарміруюць калектыўныя ўяўленні, што спрыяе больш інфармаваным і крытычным дыскусіям.

Праект рэалізуецца ў межах доктарскай праграмы ў Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага пад кіраўніцтвам прафесара Джыралама Росі.

Міжнародная прэмія Эканоміка і грамадства накіравана на ўшанаванне даследчыкаў, чые працы вылучаюцца арыгінальнасцю і высокай якасцю ў вывучэнні і прымяненні сацыяльнага вучэння Касцёла. Камісія Фонда штогод узнагароджвае маладых навукоўцаў, падтрымліваючы іх у распрацоўцы новых мадэляў сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Сёлета разам з ксяндзом Сушам лаўрэатам прэміі стаў таксама Энрыка Фрозіа з даследаваннем пра парадыгму бэнэдыктынскай меліярацыі ў інтэгральным развіцці чалавечай асобы. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў Рыме 27 лютага 2025 года, у рамках штогадовай канферэнцыі Фонду Centesimus Annus – Pro Pontifice.

Ксёндз Раман Суша нарадзіўся ў 1990 годзе ў Кіеве ў беларускай каталіцкай сям’і. Дзяцінства правёў у Каўнасе, а пазней у Вілейцы, на радзіме бацькоў. У Пінску скончыў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю і абараніў магістратуру ў Люблінскім каталіцкім універсітэце Яна Паўла ІІ. Пасля пасвячэння займаўся душпастырствам у касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску. Праходзіў навучанне па духоўнасці і місіялогіі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце, дзе абараніў дактарат па тэалогіі ў 2023 годзе. У Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага спецыялізаваўся ў сацыяльных навуках, а ў Папскім факультэце святога Банавентуры, дзе зараз з’яўляецца выкладчыкам, вывучаў дагматычную тэалогію.

Ксёндз доктар Раман Суша з’яўляецца публіцыстам навуковых артыкулаў, а таксама матэрыялаў навуковых канферэнцый на нашай інтэрнэт-старонцы. Рэдакцыя Catholicminsk.by шчыра віншуе ксяндза Рамана і жадае яму новых навуковых дасягненняў.