Skip to main content

«Хадзіць у любові» — у Навагрудку ў 15-ы раз прайшлі летнія рэкалекцыі для сем’яў Беларускага Назарэта

21-26 ліпеня
  • 1 жніўня, 2025
  • Тэкст: Алёна Шаршунс / Фота: з архіва Асацыяцыі Святой Сям’і з Назарэта // Catholicminsk.by

З 21 па 26 ліпеня ў кляштары сясцёр назарэтанак ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) прайшлі летнія рэкалекцыі для сем’яў Асацыяцыі Святой Сям’і з Назарэта (АСС).

У духоўных практыкаваннях узялі ўдзел 13 сем’яў: з Глыбокага, Гродна, Ліды, Масквы і Навагрудка.

Удзельнікі рэкалекцый вучыліся «Хадзіць у любові». Дапамагаў у гэтым ксёндз канонік Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім (Віцебская дыяцэзія), які з’яўляецца нязменным духоўным айцом летніх рэкалекцый ў Навагрудку ўжо шмат год.

Хадзіць у Божай любові штодня — гэта вялікая духоўная праца над сабой. Трэба зазірнуць углыб сваёй душы і свайго сэрца, узварушыць усе крыўды і з Божай ласкі прабачыць да канца не толькі іншым, але ў першую чаргу самому сабе. Тэма «непрабачэння» закранула амаль кожнага.

Падчас духоўных канферэнцый гучалі наступныя цытаты з Евангелля: «І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго-небудзь, каб і Айцец ваш, які ў нябёсах, дараваў вам правіны вашыя» (Мк 11, 25). «Нікому нічога не будзьце павінныя, апроч узаемнай любові, бо той, хто любіць бліжняга, выканаў Закон» (Рым 13, 10).

«Любоў вышэй за ўсё. Калі мы ходзім у любові Божай, то выконваем аўтаматычна і астатнія запаведзі».

— менавіта гэтыя словы ксяндза Мікалая кранулі многія сэрцы.

Падсумоўваючы вынікі духоўных практыкаванняў, іх удзельнікі сведчылі аб тым, што разгледжаная тэма сапраўды закранула кожнага індывідуальна і дала «вялікае поле» для працы над сабою на бліжэйшы час.

Рэкалекцыі, на думку ўдзельнікаў, прайшлі ў шчырай, цёплай атмасферы, дзе панаваў дух супольнасці і адзінства пры кожным пункце праграмы. Штодня вернікі мелі магчымасць прыняцця ўдзелу ў святой Імшы і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, слухання канферэнцыі, дзялення сведчаннямі ў групах, а таксама радаснага правядзення часу, удзельнічаючы ў «вяселых вечарах».

Падчас святой Імшы на заканчэнне духоўных практыкаванняў традыцыйна адбылося ўрачыстае прыняцце новых членаў да супольнасці Асацыяцыі Святой Сям’і з Назарэта.

На сённяшні дзень афіцыйна да АСС на Беларусі належыць 41 чальцоў і каля 50 дзетак Назарэта. На пряцягу фармацыйнага года адбываюцца штомесячныя сустрэчы АСС у Глыбокім, Гродне, Лідзе, Маладзечне, Мінску і Смаргоні.

Даведацца больш пра жыцце Асацыяцыі Святой Сям’і з Назарэта можна на старонцы супольнасці nazaret_semja ў сацыяльнай сетцы Instagram.