Skip to main content

Кардыналы заклікаюць вернікаў да малітвы перад канклавам

30 красавіка
  • 30 красавіка, 2025
  • Тэкст: Кс. Аляксандр Амяльчэня // Беларуская рэдакцыя Vatican News
  • Паводле Catholic.by

Калегія кардыналаў звярнулася 30 красавіка да ўсіх вернікаў з заклікам да малітоўнай падтрымкі перад канклавам, заклікаючы да еднасці і духоўнага распазнання.

У Рыме, дзе ўжо некалькі дзён збіраюцца кардыналы перад пачаткам канклаву, гучыць асаблівы заклік да ўсяго Касцёла. «Мы перажываем гістарычны момант, які патрабуе ласкі і духоўнага распазнання», — падкрэсліваецца ў афіцыйным паведамленні кардыналаў, апублікаваным Святым Пасадам 30 красавіка. Гэтая ініцыятыва — спроба аб’яднаць вернікаў у засяроджанай малітве і духоўным адзінстве падчас выбару новага Папы.

«Гэта сапраўдная сіла, якая ў Касцёле спрыяе адзінству ўсіх у адзіным Целе Хрыста»,

— адзначаецца ў тэксце. Кардыналы падкрэсліваюць, што перад веліччу будучай задачы і сучаснымі выклікамі перш за ўсё неабходна быць пакорнымі інструментамі бясконцай Мудрасці і Провіду Айца Нябеснага, з адкрытасцю на дзеянне Духа Святога.

«Няхай Марыя суправаджае гэту агульную просьбу сваім матчыным заступніцтвам», — з надзеяй дадаюць іерархі, звяртаючыся да ўсіх вернікаў, каб кожны не заставаўся абыякавым у гэтыя важныя для Касцёла дні.