Кандыдат з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі быў прыняты ў Міждыяцэзіяльную семінарыю
- 13 жніўня, 2025
- Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, кс. Андрэй Таўрук / Фота: з архіва парафіі ў Бабруйску // Catholicminsk.by
12 жніўня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў уступны экзамен, па выніках якога быў прыняты кандыдат з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, напярэдадні ў семінарыі адбыліся падача дакументаў і кваліфікацыйныя размовы.
Экзамен складаўся з дзвюх частак — тэсту і сачынення-эсэ. У першай частцы трэба было паказаць свае веды ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла, жыцці паўсюднага Касцёла і Касцёла на Беларусі, у другой — паразважаць на духоўныя тэмы адносна паклікання, ролі Бібліі ў жыцці хрысціяніна і таго, як дасягнуць святасці, беручы прыклад са святых.
Па выніках праведзенага экзамена камісія, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, новымі студэнтамі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне сталі 11 кандыдатаў. Сярод іх — кандыдат з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску Эміль Вялічка.
Пробашч парафіі ў Бабруйску ксёндз Андрэй Таўрук просіць маліцца за новага студэнта семінарыі, а таксама аб новых і святых пакліканнях да святарства.