«Гэта будзе гістарычны курс!»: у Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля адбыўся ўступны экзамен
- 26 жніўня, 2025
- Тэкст: Жанна Мецеж / Фота: Ірэна Сугак // Catholicminsk.by
З 21 чэрвеня па 21 жніўня кожны жадаючы мог зарэгістравацца па адмысловай спасылцы або QR-кодзе ў якасці абітурыента Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля, каб стаць яго навучэнцам.
Суботнім ранкам 23 жніўня ў сталічны касцёл Святога Духа, дзе размяшчаецца каледж, з’ехаліся кандыдаты з розных парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і не толькі. Былі сярод іх і тыя, хто прыбыў з Браслава, Полацка, Беразіно і іншых мясцовасцей. Іх чакаў уступны экзамен па катэхізісе і агульных ведах пра Каталіцкі Касцёл. Затым з кожным з іх была праведзена кваліфікацыйная размова.
Экзамен распачаўся ўступным словам дырэктара каледжа ксяндза каноніка доктара Яна Крэміса і супольнай малітвай. Затым, падзяліўшыся на групы, самыя смелыя кандыдаты адважыліся першымі ўвайсці ў экзаменацыйныя аўдыторыі.

Падчас арганізацыйнай сустрэчы, якая адбылася адразу пасля абвяшчэння вынікаў, дырэктар каледжа ксёндз Ян Крэміс павіншаваў новаспечаных першакурснікаў і падзякаваў святарам экзаменатарам — айцам Сяргею Трысценю OCD і Юрыю Кулаю OCD.
«Гэта будзе гістарычны курс!» — заўважыў дырэктар каледжа. Справа ў тым, што з 2025 года Мінскі тэалагічны каледж з’яўляецца ўжо чатырохгадовай навучальнай установай. Дагэтуль тэрмін навучання складаў тры гады.
«Вы — першыя, хто набіраецца на праграму чатырохгадовага навучання», — падкрэсліў дырэктар каледжа і адзначыў, што пашыраны тэрмін навучання дазволіць павялічыць колькасць дысцыплін і лекцыйных гадзін, між іншым, па Святым Пісанні і Гісторыі Касцёла, што будзе больш адпавядаць праграмме навучання і ўзроўню навучання.
Новы навучальны 2025-2026 год распачнецца інаўгурацыйнай сустрэчай, якая сёлета адбудзецца 6 верасня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай. «Інаўгурацыя звычайна адбываецца ў Мінску, але ў гэтым годзе мы сустракаемся ў Будславе, таму што 2025-ы год — юбілейны», — адзначыў дырэктар каледжа.
Заняткі пачнуцца 27 верасня.
Напрыканцы арганізацыйнай сустрэчы ксёндз Ян Крэміс уручыў ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага кожнаму першакурсніку «Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла», выдадзены на беларускай мове. Гэты дапаможнік стане асновай для пабудовы дыялогу паміж будучымі выпускнікамі і тымі, да каго яны будуць пасланыя.

Даведка
Мінскі тэалагічны каледж імя святога Яна Хрысціцеля існуе ўжо 15 год, быў заснаваны ў 2010 годзе як «Цэнтр падрыхтоўкі катэхетаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі», у 2013 годзе быў зарэгістраваны як духоўная навучальная ўстанова, а ў 2025 годзе паспяхова прайшоў дзяржаўную перарэгістрацыю. Заняткі ў каледжы ідуць з верасня па чэрвень у другую і чацвёртую суботы месяца. Навучэнцы каледжа атрымліваюць веды па тэалогіі, Святому Пісанню, рэлігіязнаўству, гісторыі Касцёла, кананічнаму праву, літургіцы і іншым дысцыплінам. Выпускнікам каледжа выдаецца дыплом касцёльнага ўзору з прысваеннем кваліфікацыі катэхета, кантара, супрацоўніка каталіцкіх СМК, арганізатара пілігрымак, сурдаперакладчыка.




