Skip to main content

Дзень засяроджання для законных сясцёр прайшоў у Мінску

3 красавіка
  • 7 красавіка, 2025
  • Тэкст: а. Павел Раманчук OFMConv, фота з архіва Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра // Catholicminsk.by

3 красавіка ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры пры Місіі Добрага Самараніна ў Мінску адбыўся дзень засяроджання для законных сясцёр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сёстры з розных манаскіх супольнасцей сустрэліся падчас Вялікага посту, каб разам маліцца і дзяліцца досведам кансэкраванага жыцця.

Сустрэча распачалася разважаннем стацый Крыжовага шляху, якія былі падрыхтаваны сёстрамі розных кангрэгацый. Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту сёстры мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту споведзі.

Цэнтральным момантам дня засяроджання была Эўхарыстыя, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Разам з ім святую Імшу канцэлебраваў адказны за душпастырства законных сясцёр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі айцец Павел Раманчук OFMConv.

У прамоўленай гаміліі біскуп Юрый падкрэсліў, што прысутнасць сясцёр у Касцёле з’яўляецца вялікім дарам Пана Бога.

«Багацце манаскіх супольнасцей ўзбагачвае Касцёл. Праз шматлікія харызмы сёстры ажыццяўляюць служэнне ў катэхетычнай працы, служаць іншым людзям і, такім чынам, выконваюць збаўчы план у абвяшчэнні Евангелля»,

– адзначыў іерарх.

Біскуп Юрый заахвоціў прысутных выконваць Божую волю ў сваім жыцці і быць вернымі абранай дарозе паклікання. Падчас Эўхарыстыі іерарх асаблівым чынам дзякаваў Пану Богу за служэнне сясцёр і маліўся аб новых пакліканнях да Божага служэння.

Пасля святой Імшы сёстры разам са святарамі спаткаліся на супольным пасілку. Да ўдзельнікаў дня засяроджання далучыўся таксама арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які сваім жыццёвым досведам ўзбагаціў прысутных.

Падчас спаткання сёстры разам са святарамі памяталі ў сваіх малітвах пра Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з нагоды яго дня нараджэння. З удзячнасцю Пану Богу за дар служэння іерарха ў Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, удзельнікі дня засяроджання запісалі відэавіншаванні і даслалі Мітрапаліту.

На заканчэнне спаткання арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне. Узмоцненные супольнымі малітвамі, размовамі і дзяленнем досведам, сёстры вярнуліся да сваіх штодзённых абавязкаў, каб верна служыць Богу і людзям.