Skip to main content

Да гісторыі архікатэдральнага касцёла ў Мінску дакрануліся студэнты гістарычнага факультэта БДУ

  • 6 мая, 2024
  • Тэкст і фота: кс.-кан. Францішак Рудзь

Студэнты гістарычнага факультэта Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта наведалі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Візіт адбыўся ў рамках праекта ўніверсітэта “Дыялог культур і рэлігій”, накіраванага на падтрыманне традыцый талерантнасці, выхаванне духоўных каштоўнасцяў у моладзі і развіццё партнёрскіх адносін паміж Беларускім Дзяржаўным Універсітэтам і вядучымі канфесіямі Рэспублікі Беларусь.

Удзел у сустрэчы прынялі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, пробашч парафіі ксёндз-канонік Дзмітрый Пухальскі, ксёндз-канонік Францішак Рудзь. Арцыбіскуп адказаў на пытанні моладзі, якія датычацца духоўнага жыцця чалавека, маральных аспектаў веры, арганізацыі навучальнага, выхаваўчага працэсу ў духоўнай семінарыі, аб важнасці хрысціянскіх каштоўнасцей. Падчас арцыпастырскай гутаркі былі закрануты тэмы педагагічнага служэння, развіцця спецыяліста ў інтэлектуальным і духоўным плане, неабходнасці Бога ў чалавечым жыцці, сям’і, каханні, ахвярнасці. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі тэму дэфіцыту духоўна-маральных ідэалаў.

Эксцэленцыя адзначыў важнасць дыялогу з моладдзю вышэйшых навучальных устаноў краіны: “Сустрэчы са студэнцкай аўдыторыяй вельмі важныя, бо яны дапамагаюць зразумець ролю Касцёла ў сучасным свеце. Гэта ў будучыні будзе садзейнічаць фарміраванню здаровага грамадства, духоўна развітых маладых людзей, якія будуць працаваць на карысць нашай Радзімы і ствараць моцныя сем’і”.

Для студэнтаў пробашчам парафіі Дзмітрыем Пухальскім была арганізавана экскурсія па архікатэдральным касцёле. Пробашч распавёў яго гісторыю, а таксама пра этапы рэстаўрацыйных прац, якія ў ім праводзяцца, і традыцыі арганнай музыкі.

Арганізатарам сустрэчы выступіў ксёндз-канонік Францішак Рудзь, які ўжо на працягу трох гадоў з’яўляецца актыўным удзельнікам праекта “Дыялог культур і рэлігій”.