Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі падтрымлівае дровамі жыхароў у сельскай мясцовасці
- 5 лютага, 2025
- Паводле Caritas-minsk.by
Архідыяцэзіяльны Caritas імкнецца падтрымліваць жыхароў у сельскай мясцовасці не толькі саджанцамі, прадуктовымі наборамі і хатняй птушкай.
Як падае афіцыйная старонка Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Caritas-minsk.by, дзякуючы партнёрам з Caritas Linz у гэтым годзе ў іх з’явілася магчымасць закупіць і перадаць дровы 65-і падапечным, якія жывуць у хатах з пячным ацяпленнем. Сярод іх – пажылыя людзі, шматдзетныя сем’і, а таксама людзі з інваліднасцю.

Многія з атрымальнікаў дапамогі Caritas жывуць на сціплыя пенсіі, якія не дазваляюць ім закупіць неабходныя запасы дроў. Ва ўмовах недахопу сродкаў на базавыя патрэбы, такіх як ежа і лекі, пакупка дроў становіцца практычна немагчымай. Людзі вымушаны шукаць альтэрнатыўныя спосабы абагравання сваіх дамоў, аднак такія меры не заўсёды эфектыўныя і могуць для іх уяўляць небяспеку.

Напрыклад, 102-гадовая Марыя Іосіфаўна жыве адна ў сваім старым доме з печкай. Кожная раніца сталай жанчыны пачынаецца з клопату аб курах, якія сталі яе вернымі спадарожнікамі. Нягледзячы на сваю слепату і маленькую пенсію, якая дазваляе толькі невялікія выдаткі, Марыя Іосіфаўна не губляе надзеі. Калі ёй паабяцалі прывезці дровы, яна адчула прыліў сіл і жаданне жыць. Для яе дровы – гэта не проста цеплыня ў хаце, гэта магчымасць працягваць клапаціцца пра сябе і сваіх гадаванцаў. Кожны дзень яна дзякуе за падтрымку і за тое, што жыццё працягваецца.
Зіма сёлета не такая марозная, але люты і сакавік могуць прынесці халодныя дні, што ўяўляе пагрозу для здароўя людзей. Таму супрацоўнікі Caritas імкнуліся дзейнічаць хутка і эфектыўна.
За сезон паленіцы пусцеюць, а колькасць патрабуючых будзе толькі расці, таму ў каталіцкай дабрачыннай арганізацыі спадзяюцца, што такая дапамога будзе аказана яшчэ не раз і што яе надалей будуць падтрымліваць яе партнёры.
