Асаблівая падрыхтоўка да Пасхі: католікі Мінска наведалі 7 стацыйных касцёлаў
- 16 красавіка, 2025
- Тэкст і фота: Алена Апанасёнак // Catholicminsk.by

У 2025 годзе на пачатку Вялікага посту па ініцыятыве Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага былі вызначаны 7 стацыйных касцёлаў, у якіх у кожны паасобны дзень спяваюцца «Песні жальбы» пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце. Пілігрымы наведваюць гэтыя святыні, каб разам памаліцца і падрыхтавацца да галоўнага хрысціянскага свята.
У адзін з панядзелкаў вернікі наведалі касцёл Святога Францішка Асізскага ў Копішчы каля Мінска і разам маліліся, разважаючы над мукай Пана, просячы супакою для Айчыны, згоды паміж народамі, а для людзей — прабачэння грахоў, паратунку ад зямных няшчасцяў, асабліва ад пажару, голаду, вайны і заразы.

У наступны дзень — аўторак — пілігрымы наведалі касцёл Святога Духа ў мінскім мікрараёне Чыжоўка. Разам з ксяндзом доктарам канонікам Янам Крэмісам, пробашчам аднайменнай парафіі, яны маліліся і разважалі аб тым, што Пан Езус выцерпеў у час ад малітвы ў садзе Аліўным ажно да несправядлівага абвінавачвання перад судом.
«Гэтыя знявагі Пана, якія Ён за нас цярпеў, будзем ахвяраваць просячы за святы Каталіцкі Касцёл, за Святога Айца і за ўсё духавенства, а таксама за непрыяцеляў Хрыстовага Крыжа і ўсіх верных, каб Пан Бог даў ім ласку навяртання»,
— прамовіў ксёндз пробашч і напрыканцы набажэнства ўдзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

У сераду «Песні жальбы» і разважанні адбываліся ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

У чацвер стацыйным касцёлам была капліца Святога Арханёла Міхала у гарадскім пасёлку Гатава каля Мінска. Разам з ксяндзом пробашчам Аляксандрам Ашмянчуком CSMA пілігрымы і мясцовыя вернікі з’ядналіся ў супольнай малітве з падзякай Богу і просьбай аб навяртанні і пакаянні для тых, хто яшчэ не пазнаў і не прыняў сэрцам Ягонай любові.

У пятніцу пілігрымы прыйшлі ў касцёл Маці Божай Будслаўскай на Каменнай Горцы ў Мінску, дзе разам з ксяндзом канонікам Францішкам Рудзем маліліся аб навяртанні грэшнікаў і супакоі ў свеце.

У суботу ў касцёле Божага Цела пілігрымы маліліся разам з арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, які наведаў стацыйны касцёл і ахвяраваў набажэнства ў іх інтэнцыях.

Завяршылася 7-дзённая малітва ў нядзелю ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха). «Пілігрымам надзеі» было нагадана, что «Песні жальбы» узніклі ў Польшчы на пачатку XVIII стагоддзя. Першы раз іх праспявалі ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве. У хуткім часе гэтае набажэнства стала адным з найбольш папулярных набажэнстваў Вялікага посту таксама і ў Беларусі.
«У перыяд Вялікага посту мы павінны больш прысвячаць часу Божаму слову, каб асэнсавана падыходзіць да святкавання вялікага свята ў гонар Хрыста. Пасха — свята веры, надзеі і любові. А з дапамогай асаблівай падрыхтоўкі мы можам яскрава сведчыць аб гэтым у сваім жыцці»,
— рэзюмаваў пробашч парафіі ксёндз канонік Юрый Санько.