Арцыбіскуп Станеўскі віншуе ўсіх матуль Беларусі з Днём маці
- 14 кастрычніка, 2025
- Фота: catholic.by
- Паводле Catholic.by
14 кастрычніка, калі ў нашай краіне адзначаецца Дзень маці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі віншуе ўсіх матуль са святам.
Дарагія нашы матулі!
Сёння, у ваша свята, я вас віншую і шчыра дзякую вам за вашу пяшчоту і любоў, за перададзены дзецям Божы дар жыцця, за недаспаныя ночы і мацярынскую малітву, за самую дарагую ў свеце ўсмешку, якая асвятляе жыццёвы шлях кожнага чалавека.
Усе мы сваім існаваннем абавязаны маці. Яна нарадзіла нас з любові. Немаўлятка разумее маці без словаў, бязмежна ёй давярае, адчувае тое самае, што адчувае яна, бо маці часцей за ўсё размаўляе сэрцам. Маці хавае ад дзіцяці боль, клопаты, турботы.
У самім гучанні слова «мама» — першыя ўспаміны з маленства, юнацкія прыгоды, бесклапотныя, светлыя і радасныя пачуцці. У ім безліч мар, слёз і ўсмешак, бур і сонца. Яно мае пах старой пахілай хаты, дзе сцены шэпчуць малітву. А калі хтосьці хоча адным словам выказаць самыя моцныя пачуцці, не знойдзе іншага, як толькі слова МАМА.
Любыя мамы, сёння, у ваша свята, мы абдымаем вас сваёй любоўю і дабрынёй, дзякуем за нялёгкую працу, ахвярнасць, усмешку, любоў і чулае матчына сэрца. Жадаем вам Божага благаслаўлення на ўсе дні вашага жыцця праз заступніцтва нашай Нябеснай Маці Марыі. Здароўя вам і шчасця!
З дарам сыноўскай малітвы,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі