Арцыбіскуп Станеўскі прыняў удзел ва ўскладанні кветак да манумента Перамогі ў Мінску
- 6 мая, 2025
- Фота: Ян Гарбанюк / belta.by
- Паводле Catholic.by

6 мая арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі разам з прадстаўнікамі розных канфесій, якія пражываюць у Беларусі, усклаў кветкі да манумента Перамогі ў Мінску.
Мерапрыемства прайшло напярэдадні 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аб гэтым Catholicminsk.by паведамляе партал Catholic.by са спасылкай на агенцтва БЕЛТА.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак расказаў, што ўскладанне кветак папярэднічае пасяджэнню Кансультатыўнай міжканфесійнай рады: «Мы аддаём даніну памяці людзям, якія забяспечылі сённяшняе мірнае жыццё».

Ён нагадаў, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь вызвалялі прадстаўнікі больш як 70 нацыянальнасцей.
«У акопах былі людзі розных веравызнанняў <…> Таму памяць аб гэтых героях святая для кожнага чалавека»,
— сказаў Аляксандр Румак.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пасля цырымоніі ўскладання кветак адзначыў:
«У такія дні пераплятаюцца жалоба, таму што мы памятаем тых, хто загінуў, і таксама трыумф і гонар, таму што нашы продкі, дзяды і прадзеды, здолелі перамагчы. Мы ўдзячныя ім за тое, што жывем у гэтай цудоўнай краіне — Беларусі».

«Мы не можам забыцца, таму што калі мы не ведаем мінулага, то як ісці ў будучыню? І ў гэты час Бог выбраў нас, каб мы былі сувязным звяном.
Важна, каб у нашай адзінай беларускай сям’і была згуртаванасць, памяць і гонар», — сказаў іерарх.
