Арцыбіскуп Кандрусевіч правёў велікапосныя рэкалекцыі ў Мядзелі
- 26 лютага, 2026
- Фота: з архіва мядзельскага Кармэлю // Catholicminsk.by
З 23 па 25 лютага ў парафіі Божай Маці Шкаплернай у Мядзелі, пастырскую паслугу ў якой нясуць кармэліты босыя, прайшлі велікапосныя рэкалекцыі. Духоўныя практыкаванні ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Рэкалекцыі складаліся з шэрагу канферэнцый, у якіх былі закрануты пытанні велікапоснага навяртання ў час крызісу веры і адыходу ад традыцыйных хрысціянскіх каштоўнясцяў, праблемы сям’і і выхавання дзяцей, ролі старэйшых людзей і хворых у пераказе веры і навяртання грэшнікаў, а таксама захавання хрысціянскай тоеснасці ў сучаснай спажывецка-секулярнай культуры.
Рэкалекцыі былі ўзбагачаны вялікай колькасцю жыццёвых прыкладаў, выслоўяў і дэманстратыўных матэрыялаў, каб дапамагчы вернікам лепей зразумець значэнне навяртання, а таксама жыцця згодна з Божымі запаведзямі і духам Евангелля.

Падчас адмысловых спатканняў з дарослымі, моладдзю і дзецьмі арцыбіскуп узняў праблемы захавання веры і яе сведчання, а таксама даў адказы на хвалюючыя пытанні слухачоў.
Вернікі таксама маглі прыступіць да споведзі, а нямоглым быў удзелены сакрамэнт намашчэння хворых.
На завяршэнне рэкалекцый усе прысутныя падзякавалі дастойнаму іерарху і рэкалекцыяністу за праведзеныя духоўныя практыкаванні і павіншавалі яго з юбілеем 80-годдзя.











