Skip to main content

Арцыбiскуп Юзаф Станеўскі

Мiтрапалiт Мінска-Магілёўскі
Арцыбiскуп Юзаф Станеўскі

Юзаф Станеўскі нарадзіўся 4 красавіка 1969 года ў вёсцы Заневічы непадалёк ад Гродна ў сям’і Рамуальда і Гэлены Станеўскіх. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Луцкаўлянах у 1986 годзе атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі. У тым жа годзе пачаў вучобу ў ваенна-тэхнічнай школе, пасля заканчэння якой у 1987–1989 гадах служыў у войску.

У 1990 годзе як адзін з першых кандыдатаў быў залічаны на вучобу ў заснаваную ў тым жа годзе біскупам Тадэвушам Кандрусевічам Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. Дыяканскае пасвячэнне прыняў 8 снежня 1994 года, а прэзбітэрскае  —  17 чэрвеня 1995 года з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Быў скіраваны на душпастырскую працу ў парафію святога Вацлава ў  Ваўкавыску, дзе ў 1995–1996 гадах  выконваў абавязкі вікарыя.

У 1996–1999 гадах спецыялізаваўся ў галіне кананічнага права ў Люблінскім каталіцкім універсітэце ў Польшчы, дзе атрымаў ступень магістра кананічнага права, абараніўшы працу на тэму «Працэсуальныя правы бакоў у выпадку скасавання шлюбу».

У 1999 годзе быў прызначаны прэфектам і выкладчыкам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

З 2000 года з’яўляўся суддзёй біскупскага суда ў Гродне, а з красавіка 2005 года — віцэ-афіцыялам гэтага суда.

З 2001 года з’яўляўся членам Святарскай рады Гродзенскай дыяцэзіі.

У 2004–2005 навучальным годзе чытаў лекцыі ў галіне кананічнага права на курсах катэхетаў у Гродне.

З 23 чэрвеня 2005 года з’яўляўся рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

У 2007–2013 гадах быў адказным за душпастырскую фармацыю маладых святароў у Гродзенскай дыяцэзіі.

У 2008 годзе ўвайшоў у склад Калегіі кансультантаў Гродзенскай дыяцэзіі. З 2009 года з’яўляўся каардынатарам душпастырства пакліканняў.

12 сакавіка 2012 года Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў ксяндза Юзафа Станеўскага капеланам Яго Святасці (прэлатам).

29 лістапада 2013 года Папа Францішак прызначыў ксяндза прэлата Юзафа Станеўскага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі і тытулярным біскупам дыяцэзіі Табаікары. 1 лютага атрымаў біскупскае пасвячэнне.

3 чэрвеня 2015 года Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі абрала біскупа Юзафа Станеўскага сваім Генеральным сакратаром.

14 верасня 2021 года Папа Францішак прызначыў Юзафа Станеўскага арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. 23 кастрычніка 2021 года ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася цырымонія кананічнага ўступлення на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

7 мая 2024 года арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, быў абраны Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

«Evangelii Gaudium» – «Christus vivit»
«Радасць Евангелля» – «Хрыстус жыве»

Геральдычнае апісанне герба Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага


Гербавы шчыт падзелены на чатыры часткі з залатым і блакітным фонам.

У першай частцы (уверсе злева) на залатым фоне змешчана палымнеючае Найсвяцейшае Сэрца Езуса, увенчанае крыжам. Сэрца — натуральнага чырвонага колеру — каранавана цернямі, на ім унізе справа відаць рана, з якой выцякае кроў.

У другой частцы (уверсе справа) на блакітным фоне змешчана срэбная манаграма Найсвяцейшай Панны Марыі, увенчаная каронай з васьмю зоркамі, з якіх бачна пяць.

У трэцяй частцы (унізе справа) на блакітным фоне змешчана белая лілія.

У чацвёртай — на залатым фоне ў чырвоным колеры змешчана рука з крылом, якая трымае меч.

Дэвіз: «EVANGELII GAUDIUM — CHRISTUS VIVIT», напісаны загалоўнымі лацінскімі літарамі чорнага колеру, змешчанымі на залацістага колеру стужцы з чырвонай падкладкай.

Унізе пад шчытом знаходзіцца палій — знак мітрапалітальнай юрысдыкцыі і знак еднасці з Рымскім Пантыфікам. Ён прадстаўлены круглай белай стужкай з дзвюма падвескамі спераду і ззаду, якія заканчваюцца двума чорнымі язычкамі і ўпрыгожаны крыжамі заўсёды чорнага колеру.

Шчыт умацаваны падвойным залатым арцыбіскупскім крыжам. Над гербам змешчаны прэлацкі капялюш зялёнага колеру, з бакоў звешваюцца шнуры такога ж колеру з дваццацю кутасамі, па дзесяць з кожнага боку, змешчанымі ў парадку 1, 2, 3, 4.

Вышэй апісаныя знешнія ўпрыгожванні ў геральдыцы ўказваюць на арцыбіскупскую годнасць.

Значэнне арцыбіскупскага герба

Дэвіз

Дэвізам свайго служэння арцыбіскуп Юзаф Станеўскі абраў словы «EVANGELII GAUDIUM — CHRISTUS VIVIT» — «Радасць Евангелля — Жывы Хрыстус», якія адначасова з’яўляюцца ключом да інтэпрэтацыі самаго гербавага знака, а таксама змешчаных у ім прыярытэтаў, характэрных для пастырскай паслугі арцыбіскупа і мітрапаліта.

Сімвалы ў гербе

Чатыры элементы, якія складаюць мітрапалітальны герб арцыбіскупа Юзафа, сімвалізуюць мінулае і будучыню служэння. У першай частцы, залатога колеру, што сімвалізуе хрысціянскія цноты (веру, справядлівасць, міласэрнасць), а таксама багацце і ўладу, знаходзіцца сімвал прабітага сэрца ў цярновым вянку, з якога выходзіць полымя. Гэта сімвал нашага Збаўцы — Езуса Хрыста, які з’яўляецца найвялікшым скарбам і Найвышэйшым Валадаром. Яго Сэрца, прабітае на крыжы, — крыніца ўсіх ласкаў і цнот у жыцці чалавека. Полымя сімвалізуе жыццё — вечна жывога Езуса Хрыста. Гэты сімвал звязаны з роднай парафіяй арцыбіскупа Юзафа ў Занявічах на Гродзеншчыне і звернуты да кожнай сям’і, якая з’яўляецца вялікім багаццем Касцёла і якая таксама павінна чэрпаць сваю сілу і моц з Сэрца Збаўцы.

У другой частцы блакітнага колеру, які сімвалізуе чысціню, вернасць, блакіт неба, а таксама з’яўляецца марыйным колерам, прадстаўлена манаграма Найсвяцейшай Панны Марыі, ўвенчаная каронай з васьмю зоркамі. Гэты сімвал адносіцца да Маці Божай Будслаўскай, каранаванай папскімі каронамі. Марыя, як пасланніца Духа Святога накіроўвае нас на шлях веры. Яна як Абранніца Духа Святога моліцца ў супольнасці Апосталаў і вучняў Хрыста, уводзячы ўвесь Касцёл у таямніцу дароў Духа Святога, як выхавальніца ўсіх пакаленняў ахінае сваім плашчом апекі нашых продкаў, як апякунка Мінска­-Магілёўскай архідыяцэзіі клапоціцца пра сваіх дзяцей.

Трэцяя частка, блакітнага колеру з белай лілеяй, нагадвае пра святога Юзафа, значную асобу ў хрысціянстве, імя якога носіць арцыбіскуп мітрапаліт і ў юбілейны год якога папа Францішак паклікаў да служэння ў Мінска-­Магілёўскай архідыяцэзіі. Менавіта цноты святога Юзафа арцыбіскуп хоча ажыццяўляць у сваім асабістым жыцці, жыцці ўсяго прэзбітэрыя і ўсёй аўчарні.

Чацвёртая частка, залатога колеру, прадстаўляе сімвал святога Міхала Арханёла з мячом — галоўнага апекуна Мінска-­Магілёўскай правінцыі Касцёла — які, як правадыр святла, вядзе войска Божае на бітву з сіламі зла і цемры. Менавіта так і арцыбіскуп Юзаф жадае змагацца за збаўленне кожнай чалавечай душы, даручанай яго пастырскай апецы Богам.

Герб графічна рэалізаваны італьянскім геральдыстам Джузэпэ Кватрачоккі (www.gqaraldica.it).

Ксёндз доктар канонік Ян Крэміс