Skip to main content

Апостальскі нунцый у Беларусі наведаў мінскі Кармэль

15 кастрычніка
  • 17 кастрычніка, 2025
  • Тэкст: а. Юрый Кулай OCD / Фота: з прыватнага архіва кармэлітаў босых у Мінску
  • Паводле Catholic.by

15 кастрычніка, калі Паўсюдны Касцёл у літургіі узгадваў святую Тэрэзу ад Езуса (Авільскую), у парафію Божага Цела ў Мінску, дзе нясуць служэнне айцы кармэліты босыя, завітаў арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, прадстаўнік Святога Пасаду ў Беларусі, каб раздзяліць радасць святкавання ўрачыстасці Маці і Рэфарматаркі Ордэна кармэлітаў босых святой Тэрэзы ад Езуса, а таксама бліжэй пазнаёміцца з мясцовай парафіяльнай і манаскай супольнасцю.

Ва ўрачыстасці таксама прыняў удзел сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску мансеньёр Кшыштаф Сэрока. Прысутнічаў таксама прадстаўнік Грэка-каталіцкай Царквы айцец Аляксандр, настаяцель парафіяльнай супольнасці святога Мікалая ў Мінску.

На пачатку літургіі сабраных святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў прывітаў Рэгіянальны настаяцель кармэлітаў босых у Беларусі айцец Пётр Фроштэга OCD.

Арцыбіскуп Чэффаліа ўзначаліў вячэрнюю Эўхарыстыю, перадаў прывітанне і бацькоўскае благаслаўленне Папы Льва XIV, а таксама звярнуўся да ўсіх прысутных з гаміліяй, разважаючы пра духоўную спадчыну святой Тэрэзы, падкрэсліваючы, што ў «замку нашай душы нас чакае Бог».

Музычнае суправаджэнне і спеў узначаліў моладзева-дзіцячы парафіяльны ансамбль Flos Carmeli.

Напрыканцы ўрачыстасці прадстаўнікі парафіяльнай супольнасці падзякавалі дастойнаму госцю за прыбыццё, узначаленне Эўхарыстыі і скіраванае слова. Парафіяне таксама павіншавалі нунцыя з надыходзячымі яго імянінамі з нагоды ўспаміну святога Ігнацыя з Антыёхіі, зычачы яму дароў Духа Святога і апекі Багародзіцы на час нясення апостальска-дыпламатычнай місіі ў нашай Бацькаўшчыне.