Афіцыйны прадстаўнік Касцёла прыняў удзел у асвячэнні армянскай святыні ў Мінску
- 20 мая, 2025
- Тэкст: кс. кан. Франц Рудзь // Catholicminsk.by

Фота: БЕЛТА
18 мая ў рэлігійным міжканфесійным жыцці Беларусі адбылася значная падзея – у Мінску быў асвечаны храм Армянскай Апостальскай Царквы.
У гэтым мерапрыемстве, якое наведаў Вярхоўны Патрыярх і Каталікос усіх армян Гарэгін Другі, па благаславенні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага прыняў удзел ксёндз канонік Франц Рудзь, пробашч парафіі святых Сымона і Алены ў Мінску.
Каментуючы гэтую падзею, святар адзначыў: «Прадстаўнікі Рымска-каталіцкага Касцёла радуюцца за нашых братоў армян, што ў іх такая важная падзея — асвячэнне новага храма. Гістарычна мы блізкія, і можам сказаць, што Армянская Царква — гэта наш старэйшы брат, паколькі яны адны з першых прынялі хрысціянства.
Нягледзячы на адрозненні ў кананічных і літургічных абрадах католікаў, праваслаўных, армянскіх хрысціян, мы верым у Хрыста, мы вызнаём Евангелле, стараемся жыць паводле евангельскіх ісцін».
Асвячэнне новага храма Армянскай Апостальскай Царквы стала яшчэ адным сведчаннем захавання міжканфесійнага міру і згоды ў Беларусі, а таксама ўмацавання духоўных і культурных сувязяў паміж беларускім і армянскім народамі.