Skip to main content

Адукацыйная сустрэча на тэму эмоцый для валанцёраў парафіяльных Caritas прайшла ў Ляскоўцы

8 лістапада
  • 10 лістапада, 2025
  • Тэкст: Ірына Фаміна / Фота: Дзмітрый Мельнікаў // Catholicminsk.by

8 лістапада ў Дзіцячым дабрачынным сацыяльна-рэабілітацыйным цэнтры святога Лукі ў Ляскоўцы каля Мінска прайшла адукацыйная сустрэча для валанцёраў парафіяльных суполак Caritas па тэме «Эмоцыі. Інструкцыя па ўжыванні».

Удзел у сустрэчы прынялі валанцёры з розных куткоў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: з архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі, святога Казіміра ў Стоўбцах і Спаслання Духа Святога ў Барысаве.

Дзень па традыцыі распачаўся з супольнай малітвы, якая з’яўляецца крыніцай і фундаментам усялякага служэння. Святую Імшу ў капліцы Цэнтра ўзначаліў дырэктар «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі брат Анатоль Ярошка OFMCap.

Пасля Эўхарыстыі валанцёры адразу акунуліся ў свет псіхалогіі. Трэнінг праводзіла Марына Асташынская-Палянскіх — прафесійны коўч, ментар групавых праграм і, што цікава, кандыдат фізіка-матэматычных навук, што надало яе падыходу асаблівую структуру і яснасць.

Удзельнікі вучыліся адрозніваць эмоцыі ад пачуццяў, разумець іх сапраўдныя функцыі і не скажаць іх сэнс у штодзённым жыцці. З дапамогай транзактнага аналізу валанцёры даследавалі свае ўнутраныя эга-станы — Дарослага, Бацькі і Дзіцяці, — каб зразумець, чаму ў розных сітуацыях яны рэагуюць пэўным чынам.

Асабліва захапляльнай часткай стала трансфармацыйная гульня «Алхімія пачуццяў», якая дазволіла на практыцы распазнаць базавыя эмоцыі.

Але, мабыць, галоўным пазнаннем і духоўным плёнам сустрэчы стала агульная для ўсіх удзельнікаў думка, якая прагучала як ключ да ўнутранага спакою і самапрыняцця. Гэта простая, але неверагодна магутная цытата, якая цяпер будзе дапамагаць кожнаму ў цяжкія хвіліны:

«Я — любімае дзіця Бога!»

Галоўны вывад, які зрабілі для сябе ўдзельнікі, можна сфармуляваць проста: калі клапоцішся пра сябе — лепш служыш іншым. На трэнінгу мы пачулі не толькі тэорыю, але і канкрэтныя «рэцэпты самадапамогі» — практычныя інструменты для хуткага аднаўлення ў моманты эмацыйнага знясілення.

Найлепш пра каштоўнасць і глыбіню сустрэчы гавораць самі валанцёры. Асабліва трапна думкі многіх выказала адна з удзельніц, падсумоўваючы галоўны плён трэнінгу:

«Гэты трэнінг асабліва важны не толькі ў валанцёрскай працы, але і ў паўсядзённым жыцці (адносіны ў сям’і, на працы, гармонія з сабой), бо чым мы напоўнены, тое мы і будзем аддаваць людзям. Таксама ён дапамог зразумець, як можна дапамагчы людзям без шкоды для сябе».

Рэлігійная арганізацыя «Дабрачынная каталіцкая рэлігійная місія Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі запрашае ўсіх ахвотных, хто мае вялікае жаданне чыніць дабро і дапамагаць людзям, стаць валанцёрскім лідэрам Caritas у сваёй парафіі. Каб далучыцца да каманды, можна запоўніць анкету валанцёра ТУТ>>>