Адпустовая ўрачыстасць святога Міхала Арханёла з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адбылася ў Івянцы
- 1 кастрычніка, 2024
- Паводле Francishkanie.by

29 верасня, у свята святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, сваю тытулярную ўрачыстасць святога Арханёла Міхала адзначыла супольнасць вернікаў у Івянцы (Валожынскі дэканат), якой духоўна апякуюцца айцы францішкане канвентуальныя.
Паводле інфармацыі парталу Francishkanie.by, у кожнай парафіі ёсць асаблівыя дні, калі збіраецца ўся супольнасць, каб адзначыць значныя падзеі. Адным з такіх дзён для івянецкіх парафіянаў з’яўляецца ўрачыстасць у гонар святога Міхала Арханёла, вялікага абаронцы нашай Айчыны і апекуна вернікаў. Гэтымі днямі парафія ажывае асаблівым духам, напаўняецца радасцю і цяплом. Тым больш, што на святкаванне да францішканаў і іх парафіянаў завітаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў урачыстую Эўхарыстыю.


Адноўлены стараннем івянецкіх вернікаў і душпастыраў на чале з пробашчам парафіі айцом Паўлам Раманчуком OFMConv бакавы алтар надаваў сакральнай прасторы яшчэ больш ўрачысты характар. Менавіта за ўсіх ахвярадаўцаў, якія падтрымалі рэнавацыю святыні малітоўна і матэрыяльна, цэлебравалася гэтая Найсвяцейшая Ахвяра.


Прысутнасць на парафіяльнай урачыстасці дзяцей, моладзь, скаўтаў, дзіцячага і дарослага парафіяльнага хору, маладых сем’яў і старэйшых асобаў падкрэслівала мост паміж пакаленнямі і важнасць перадачы духоўных каштоўнасцяў. Гэты быў час, калі кожны можа адчуць сябе часткай вялікай духоўнай сям’і, аб’яднанай агульнымі традыцыямі і перакананнямі.




Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша адлюстроўвала глыбокія аспекты веры, заклікаючы слухачоў да разважання і ўмацавання духоўных памкненняў, а інсцэнізацыя з удзелам мясцовых студэнтаў, якіх іерарх запрасіў памяняцца абуткам, каб паказаць вартасць трывання ва ўласнай веры і жыццёвых перакананнях, дадаў гаміліі асаблівую нагляднасць.

У гэтым годзе асвячэнне адноўленага абраза святога Міхала Арханёла, здзейсненае арцыбіскупам Тадэвушам, стала адным з цэнтральных момантаў святкавання, сімвалізуючы благаслаўленне і апеку Святога Міхала для ўсіх прысутных.







