Skip to main content

Адкрыць сваю каштоўнасць у вачах Бога: у Ляскоўцы прайшоў адукацыйны трэнінг для валанцёраў Caritas

23 мая
  • 1 чэрвеня, 2026
  • Тэкст і фота: Ірына Фаміна // Catholicminsk.by

23 мая на базе Дзіцячага дабрачыннага цэнтра святога Лукі адбыўся адукацыйны трэнінг для валанцёраў парафіяльных груп Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Сустрэчу на тэму «Самакаштоўнасць як унутраная апора» правяла вопытны ментар-коўч Марына Асташынская-Палянскіх.

Валанцёрскае служэнне — гэта заўсёды шчодры дар свайго часу і сілаў іншым людзям. Каб эфектыўна дапамагаць і пазбягаць выгарання, важна самому мець моцную ўнутраную апору. Менавіта таму гэты дзень быў цалкам прысвечаны глыбокаму пазнанню сябе, пошуку ўласных рэсурсаў і аднаўленню душэўных сіл.

Хто я ёсць, а не толькі што я раблю

Праграму трэнінгу пабудавалі на важным хрысціянскім прынцыпе: каштоўнасць чалавека — не ў колькасці зробленых спраў ці знешніх дасягненнях, а ў тым, кім ён з’яўляецца па сваёй сутнасці — унікальным і любімым Божым стварэннем.

На працягу дня валанцёры працавалі над пошукам сваіх сапраўдных жыццёвых роляў: «я — валанцёр», «я — брат ці сястра», «я — прафесіянал» і, найперш, «я — дзіця Бога». Праз практычныя заданні кожны ўдзельнік меў магчымасць па-новаму паглядзець на свае таленты і жыццёвыя мэты.

Марына Асташынская-Палянскіх прапанавала валанцёрам сур’ёзную і глыбокую працу з эфектыўнымі інструментамі самапазнання. Удзельнікі сумяшчалі духоўныя разважанні з псіхалагічнымі метадамі: выкарыстоўвалі «Акно Джохары» і мадэль дабрабыту «PERMA». Дзякуючы глыбокім разважанням пра ўласную самакаштоўнасць, кожны атрымаў каштоўныя веды, якія будуць спадарожнічаць яму яшчэ доўга, дапамагаючы ўсё больш адкрываць сябе як любімае дзіця Бога.

Слова падзякі і запрашэнне да супольнасці

Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі шчыра дзякуе ментар-коўчу Марыне Асташынскай-Палянскіх за шчодрасць сэрца і цудоўную сустрэчу. Таксама выказвае удзячнасць кожнаму валанцёру за адвагу ісці шляхам унутранага росту, каб станавіцца яшчэ больш моцнай апорай для тых, хто мае патрэбуе дапамогі.

Калі вы адчуваеце ў сэрцы жаданне рабіць дабро, дапамагаць людзям і хочаце стаць валанцёрскім лідарам у сваёй парафіі — каманда Caritas з радасцю запрашае вас далучыцца!

Каб зрабіць першы крок, неабходна запоўніць кароткую АНКЕТУ ВАЛАНЦЁРА